Зацверджаны штраф пенсіянерцы, якую пазбавілі права на абарону ў судзе

25 кастрычніка суддзя Мінскага гарадскога суду Пётр Арлоў зацвердзіў рашэнне суддзі суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Міхася Хомы, які 28 верасня аштрафаваў на 20 базавых велічынь 77-гадовую працуючую пенсіянерку Камелію Чарняўскую.

Камелія Чарняўская (першая злева) пад час пікету 31 сакавіка на плошчы Свабоды

Камелія Чарняўская (першая злева) пад час пікету 31 сакавіка на плошчы Свабоды


Камелія Чарняўская абвінавачвалася ва ўдзеле ў недазволеным пікеце супраць адпісак чыноўніцтва, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды ладзілі актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры.
28 верасня а 10.00 жанчыне на працы паведамілі пра судовы працэс у судзе Цэнтральнага раёна, які павінен быў пачацца праз паўтары гадзіны — а 11.30. З гэтай прычыны Камелія Чарняўская, якая працуе за горадам, не паспела на судовае пасяджэнне.  
77-гадовая пенсіянерка вымушана працаваць, бо ёй не хапае грошай на жыццё. Апроч таго, праца дазваляе жанчыне сталага веку як мага менш знаходзіцца ў сваёй  камунальнай кватэры, бо яе сусед — асацыяльны грамадзянін, якога бароніць сённяшняя дзяржава.  
У адсутнасці спадарыні Камеліі суддзя суду Цэнтральнага раёна Міхась Хома наклаў на жанчыну адміністрацыйны штраф памерам больш за 210 даляраў ЗША — 420 руб., а 25 кастрычніка суддзя Мінгарсуду Пётр Арлоў зацвердзіў гэтую пастанову.
У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей зазначыла, што кожны мае права на абарону. «І калі чалавека пазбавілі гэтага права, дык судовая пастанова безумоўна павінна быць адмененая. Таму рашэнне суддзі Міхася Арлова сведчыць пра катастрафічную сітуацыю ў айчынных судах», — падкрэсліла праваабаронца.