Гомельскі гарвыканкам адмовіў актывістам у правядзенні першамайскага мітынгу

Сваю забарону гарадскія ўлады матывуюць тым, што заяўнікі павінны аплаціць паслугі міліцыі, медыкаў і работнікаў камунальных службаў падчас правядзення масавага мерапрыемства.

106_miting.jpg


Ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны старшыня Гомельскай арганізацыі Беларускай партыі "Зялёныя" Юры Глушакоў падаў заяўку на правядзенне ў Міжнародны дзень салідарнасці працоўных 1 Мая мітынгу каля ДК Глухіх на вуліцы Юбілейнай. У якасці мэты былі ўказаны абарона правоў работнікаў і антываенная тэматыка. Заяўнікі таксама прасілі не браць з іх грошы за правядзенне мерапрыемства. Пры гэтым яны спасылаліся на дзеючае заканадаўства і на тое, што 25 сакавіка гэтага года ў Мінску ўлады не толькі дазволілі бясплатна правядзенне канцэрта да 100-годдзя БНР, але і прапаноўвалі бязвыплатна гукаўзмацняльную апаратуру і іншыя тэхнічныя сродкі.
У гэтым годзе спаўняецца 120 год першаму першамайскаму мітынгу ў Гомелі.
У адмоўным адказе Гомельскага гарвыканкама сказана, што заяўнікамі "не былі выкананыя патрабаванні артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 года "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", згодна з якім арганізатары масавага мерапрыемства абавязаны прыняць меры па забеспячэнні аховы грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання і уборкі тэрыторыі", паведамляе gomel.today. Яшчэ спецыяльным рашэннем Гомельскага гарвыканкама ад 2013 года арганізатары масавага мерапрыемства абавязаны загадзя заключаць з УУС Гомельскага аблвыканкама, Гомельскай станцыяй хуткай медыцынскай дапамогі і КАУП «ГорСАП» дагавора аб аказанні платных паслуг.
1 мая 2017 году актывісты ў Гомелі ўпершыню за 12 гадоў дамагліся дазволу на правядзенне мітынгу. Пры гэтым ім давялося заплаціць 370 рублёў, сход праходзіў за агароджай, усе яго ўдзельнікі падвергліся працэдуры надгляду. Нягледзячы на ​​гэта, некалькі чалавек былі затрыманыя міліцыяй. Акцыя праводзілася ў ходзе кампаніі масавых пратэстаў супраць увядзення падатку на беспрацоўных, у выніку якой Дэкрэт № 3 быў адменены.
Мінскі гарвыканкам узгадніў Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў правядзенне мітынгу да Міжнароднага дня салідарнасці працоўных 1 мая 2018 года ў Мінску ў Кіеўскім скверы з 14 да 16 гадзін. У мерапрыемстве плануюць прыняць удзел актывісты незалежных прафсаюзаў і левых партый з усёй Беларусі.