«Хопіць шчоўкаць дзюбай. Марш на вакцынацыю!» Лекар Мікіта Салавей звярнуўся да беларусаў

Вядомы сваёй грамадзянскай пазіцыяй беларускі доктар Мікіта Салавей эмацыйна выказаўся з нагоды росту захворванняў на COVID-19 і заклікаў суграмадзян да неадкладнай вакцынацыі. Бо будзе позна.

bce25a5e780757eab77e6f4abd0eab6c.jpeg

— Пацыенты з COVID-19 запаўняюць стацыянары/аддзяленні, што адкрываюцца, са свістам, у лічаныя гадзіны, — напісаў Мікіта Салавей на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Інфекцыя істотна памаладзела, шпіталізуюцца не толькі пацыенты з хранічнай паталогіяй, лішкам вагі і ва ўзросце старэйшыя за 60 гадоў, але і ўзросце ад 20 гадоў, прычым часцяком з ужо наяўнай дыхальнай недастатковасцю.

Лекары многіх устаноў аховы здароўя так і не выходзілі з самых першых дзён ковіда ў сакавіку 2020 года, многія працуюць на мяжы магчымасцяў. Неабходных лекавых сродкаў, якія сапраўды даказалі сваю эфектыўнасць, хацелася б мець у дзясяткі разоў больш.

А ў гэты час маскі ў транспарце і краме не носім або носім іх на барадзе, неабавязковыя мерапрыемствы наведваем, фізічнае дыстанцыяванне не выконваем нават у тых месцах, дзе для гэтага зробленая спецыяльная разметка, і, самае галоўнае, — не вакцынуемся!!!

Ну няма нармальна вакцынаваных імунакампетэнтных пацыентаў з COVID-19 у рэанімацыйных аддзяленнях, няма! І проста ў стацыянар іх трапляе адзінкі (за 2 месяцы працы ў ГКІБ мне такіх трапілася двое, захворванне скончылася ў іх без наступстваў).

Так што, дарагія сябры, хопіць шчоўкаць дзюбай, слухаць ахінею ад блогераў, якія нават блізка не маюць медадукацыі і валодаюць часцей за ўсё толькі рускай мовай, прычым у дыялекце інстаграма, чытаць жоўтую прэсу пра «шкоду і небяспекі прышчэпак» і падвяргаць жыццё і здароўе свае, сваіх дзяцей, родных і блізкіх пастаяннай небяспецы. Не дазваляйце спрацаваць натуральнаму адбору.

Дружна збіраемся сем'ямі, бярэм пажылых бацькоў і дзяцей, старэйшых за 18 гадоў, — і марш на вакцынацыю! Бо з такой дынамікай захворвання ў недалёкай будучыні многім можа раптам не хапіць лекараў, стацыянараў, кіслароду і патрэбных лекаў.