Грамадскасць патрабуе забяспечыць непарушнасць ахоўнай зоны Курапатаў

Пра гэта гаворыцца ў лістах, якія прадстаўнікі грамадскасці 11 лютага накіравалі міністру культуры Барысу Святлову і генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.



l_sti_mk_gp_11_2_14.jpg

“Бульбаш-хол”, адкрыццё якога запланавана напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску

У лістах узгадваецца, што хаця пастановай Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 года зацверджана ахоўная зона Курапатаў, яе недатыкальнасць была парушана падчас будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол” з заходняга боку мемарыялу. Прычым, да гэтага часу не выканана аднагалоснае рашэнне нарады з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама, Генеральнай пракуратуры, заказчыка і іншых зацікаўленых структураў ад 27 снежня 2012 году аб вынасе чатырох домікаў “Бульбаш-холу”, незаконна ўзведзеных у ахоўнай зоне помніка.

Разам з тым, на полі каля ўсходняй мяжы Курапатаў рыхтуецца будаўніцтва Міжнароднага выставачнага цэнтру (МВЦ). Прычым, частка гэтага поля з гістарычным шляхам (так званай “Дарогай смерці”), па якому вазілі людзей з  Мінска ва ўрочышча на расстрэл, мае статус ахоўнай зоны Курапатаў. Грамадскасць лічыць недапушчальнымі любыя праектна-вышукальніцкія працы на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў, паколькі такія працы прывядуць да знішчэння асяроддзя гісторыка-культурнай каштоўнасці з яе ўсходняга боку, у тым ліку і “Дарогі смерці”.

Аўтары лісту просяць Барыса Святлова:

1. Звярнуць увагу праекціроўшчыкаў МВЦ і суб’ектаў гаспадарання на неабходнасць прытрымлівацца межаў ахоўнай зоны Курапатаў згодна пастанове Міністэрства культура да 12 мая 2004 году.

2. У адпаведнасці з артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паведаміць інфармацыю аб тым, ці прытрымліваюцца распрацоўшчыкі праектнай дакументацыі на будаўніцтва МВЦ дзеючых межаў ахоўнай зоны Курапатаў.  

У лісце Аляксандру Канюку прадстаўнікі грамадскасці прапануюць:

1. Даследаваць дакументацыю на будаўніцтва МВЦ, асабліва праектныя заданні.

2. Прыняць меры па недапушчэнню планавання аб’ектаў МВЦ у ахоўнай зоне Курапатаў, межы якой зацверджаны пастановай Мінкультуры ад 12 мая 2004 года.

3. Падрыхтаваць адпаведнае прадпісанне праекціроўшчыкам і суб’ектам гаспадарання наконт неабходнасці выканання заканадаўства аб непарушнасці межаў ахоўнай зоны Курапатаў, як матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

4. Праверыць, у якой ступені выканана аднагалоснае рашэнне нарады з удзелам прадстаўніка Генпракуратуры ад 27 снежня 2012 года аб вынасе чатырох домікаў “Бульбаш-холу”.

5. Прыняць меры па зносу гэтых домікаў.

Як вядома, пытанне аховы Курапатаў — адно з балючых для грамадскай думкі. Як паказвае гісторыя пытання, парушэнні заканадаўства і маральных нормаў у справе аховы Курапатаў непазбежна выклікаюць вострую грамадскую рэакцыю”, — падкрэсліваецца ў лісце генеральнаму пракурору.

Аўтары лісту выказваюць  спадзяванне, што органы пракуратуры, дзяржаўнай улады і кіравання ўсведамляюць гэта, своечасова і з максімальнай публічнасцю зробяць захады для аднаўлення законнасці ў справе аховы Курапатаў.

Сярод падпісантаў лістоў — грамадскія актывісты Алесь Макаў, Вацлаў Нямковіч, Вацлаў Арэшка, Вінцук Вячорка і Валянціна Вяргей.