Грамадскі актывіст Рыгор Грык другі раз запар дабіваецца частковай перамогі ў судзе

У панядзелак, 22 кастрычніка, у судзе Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы завяршыўся суд па справе звальнення Рыгора Грыка з Баранавіцкага аўтаагрэгатнага заводу.
 



8d2f4540_cf25_44f1_b64c.jpg

Папярэдні суд, які адбыўся 28 жніўня, не аднавіў Рыгора Грыка на працы, але прыняў рашэнне аб кампенсацыі яму ў памеры 500 тысяч рублёў. Таксама прадпрыемства павінна было сплаціць былому працаўніку 300 тысяч рублёў судовых выдаткаў.


Судовае пасяджэнне 22 кастрычніка вяла суддзя Жана Капачэўская, сакратар — Алена Пашкевіч. Інтарэсы Грыка ў судзе прадстаўлялі праваабаронца Сяргей Гоўша і грамадскі актывіст Віктар Сырыца.


— Я патрабаваў, каб мне выплацілі сярэдні заробак за затрымку разліку пры звальненні, бо адміністрацыя заводу мне недаплаціла ў час звальнення, парушыўшы тым самым артыкул 77 ПК РБ. Яшчэ я настойваў, каб мне кампенсавалі 5 мільёнаў маральнай шкоды. Перакананы, што звольнілі мяне з Баранавіцкага аўтаагрэгатнага заводу з-за маёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі, — патлумачыў Рыгор Грык.


Прадстаўніца заводу Алена Пашкевіч тлумачыла суду, што звальненне з працы Рыгора Грыка было выклікана выключна вытворчымі прычынамі, а затрымка поўнага разліку была выклікана тым, што Рыгор Грык не здаў на склад спецадзенне.


Аднак суддзя Жана Капачэўская сваім рашэннем абавязала Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод выплаціць Рыгору Грыку сярэдні заробак за затрымку разліку пры звальненні ў памеры 179 410 рублёў, а таксама спагнаць з заводу ў даход дзяржавы дзяржпошліну ў памеры 8 970 рублёў. У астатняй частцы іску Рыгору Грыку суд адмовіў.