Хрысціянскія дэмакраты знайшлі адказ на крызіс

Аргкамітэт партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ладзіць кампанію «Наш адказ на крызіс». На працягу пяці дзён з 21 па 25 красавіка хадэкі праводзяць сацыяльныя, дабрачынныя і палітычныя акцыі больш чым у 30 гарадах Беларусі.

Мэта кампаніі, якая грунтуецца на «трох кітах» — эканоміі, дабрачыннасці, лібералізацыі, — заклікаць беларускае грамадства да еднасці дзеля пераадольвання наступстваў эканамічнага крызісу.



5737034557ef5b8c02c0e46513b98f90.jpg

Аргкамітэт партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ладзіць кампанію «Наш адказ на крызіс». На працягу пяці дзён з 21 па 25 красавіка хадэкі праводзяць сацыяльныя, дабрачынныя і палітычныя акцыі больш чым у 30 гарадах Беларусі.
Мэта кампаніі, якая грунтуецца на «трох кітах» — эканоміі, дабрачыннасці, лібералізацыі, — заклікаць беларускае грамадства да еднасці дзеля пераадольвання наступстваў эканамічнага крызісу.
«Гэта можна назваць першай спробай сілаў партыі, бо для нас важна працаваць у агульнанацыянальным маштабе, адказваць на выклікі, якія паўстаюць перад грамадствам, і нешта рабіць для людзей, не для саміх сябе, не для піяру, Еўропы, а для беларусаў, адзначае адзін з сузаснавальнікаў БХД Павел Севярынец.
Хрысціянскія дэмакраты лічаць, што падчас крызісу дзяржава і мясцовыя ўлады павінны скарачаць лішнія выдаткі (будаўніцтва лядовых палацаў, АЭС, аграгарадкоў). «Бюджэтнікам урэзалі заробкі, а чыноўнікам захавалі. Калі ўжо крызіс, то ўсе перад ім роўныя — ці памяншайце заробкі начальству, ці вярніце грошы працаўнікам бюджэтнай сферы», — падкрэслівае палітык. Паводле слоў Севярынца, «салідарнасць, узаемадапамога, міласэрнасць — гэта тое, чаго чакае краіна. Калі мы як нацыя будзем здольныя аб’яднацца, то зможам змяніць палітычную сітуацыю, адбудаваць Беларусь на хрысціянскіх прынцыпах». Таксама хрысціянскія дэмакраты выступаюць за паніжэнне падаткаў, вызваленне прадпрымальніцкай ініцыятывы, скарачэнне бюракратыі і гарантыю недатыкальнасці прыватнай уласнасці.
Актывісты БХД плануюць арганізаваць канферэнцыі, дабрачынныя мерапрыемствы, пікеты, флэш-мобы, збор подпісаў у дзесяці гарадах Беларусі супраць будаўніцтва АЭС, а таксама прэзентаваць эканамічную праграму БХД, распаўсюдзіць выданні хрысціянска-дэмакратычнага зместу. Пікеты ў межах акцыі «Наш адказ на крызіс» планавалася правесці 25 красавіка ля ўваходаў на Камароўскі рынак і Парк Дружбы народаў у Мінску. На момант выхаду газеты было вядома, што заяўнікам акцый — прадстаўнікам Мінскай гарадской арганізацыі БХД — адмоўлена ў правядзенні пікетаў. Мінгарвыканкам аргументаваў сваё рашэнне магчымымі перашкодамі транспартнаму руху ля парка Дружбы народаў. Пікет каля Камароўкі адмовілі з-за таго, што адлегласць ад уваходу на рынак да бліжэйшага пешаходнага пераходу меншая за 200 метраў.
Не так даўно Міністэрства юстыцыі адмовіла партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў рэгістрацыі, літаральна праз дзень рашэнне Мінюста было прыпыненае «ў сувязі са зваротам у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь шэрагу заснавальнікаў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Тэрміны дадатковага разгляду дакументаў чыноўнікі не называюць.