Хронікі рэпрэсій, 16 жніўня. Лукашэнка «памілаваў» 30 палітвязняў

Валанцёра «Вясны» Андрэя Чапюка змясцілі ў ШІЗА за дзень да спаткання з бацькамі. Ігар Аліневіч у чэрвені трымаў галадоўку ў ШІЗА. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ "Вясна". 

Лукашэнка «памілаваў» 30 палітвязняў

Сярод вызваленых 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя з іх маюць сур'ёзныя захворванні, паведамляе прарэжымны тэлеграм-канал "Пул першага".

"Усе яны прызналі віну, шчыра раскаяліся ў зробленым і ўзялі абавязацельства весці правапаслухмяны лад жыцця", — гаворыцца ў паведамленні.

Мінінфарм абнавіў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі instagram-старонкі «franakviacorka» і «revivalbelarus», а таксама TikTok-акаўнт «shchyra_kazhuchy» і ягоны лагатып.

55-гадоваму бізнэсмену прысудзілі тры гады калоніі за данаты і пратэсты

Стала вядома, што 6 траўня 55-гадоваму бізнэсоўцу Ягору Волкаву прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі. Яго абвінавацілі ў ахвяраванні і ўдзеле ў мірным сходзе паводле арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) і 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэксу.

Прысуд вынесла суддзя Тамара Унукевіч у Мінскім гарадскім судзе. Іншыя акалічнасці справы невядомыя, як і дата затрымання Волкава.

«Грамадзянскае аб'яданне "Пагоня"» і «Беларускі полк "Пагоня"» прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»

Пра гэта паведамляе МУС.

Таксама ведамства пералічыла людзей, якія нібыта маюць дачыненне да «экстрэмісцкага фармавання». Гэта Віталь Гуркоў, Андрэй Краўчанка, Канстанцін Якаўлеў і Сямён Букін.

Ігар Аліневіч у чэрвені трымаў галадоўку ў ШІЗА

Як стала вядома @stranafund, у лякарню ў Калядзічах у чэрвені Ігар трапіў праз падазрэнне на язву страўніка. Абвастрэнне адбылося пасля галадоўкі, якую Ігар трымаў з 13 па 26 чэрвеня ў ШІЗА жодзінскай турмы № 8, дзе палітвязень адбывае тэрмін.  

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Супраць стэндап-коміка Вячаслава Камісаранкі распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

Яму інкрымінаваныя ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Вячаслава запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.

У Светлагорску перадавіцу вытворчасці і шматдзетную маці судзілі за распаўсюд “экстрэмізму”

Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", у судзе Светлагорскага раёна 16 жніўня разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Ірыны Субоцінай. Яе абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Працэс вяла суддзя Галіна Гулевіч. Вынік суда пакуль невядомы.

Пра жанчыну летась пісала раённая газета "Светлагорскія навіны". Ірына – шматдзетная маці. У 2010 годзе яна была ўзнагароджана Ордэнам Маці за выхоўванне пяцёх дзяцей. Таксама за добрую працу на "Светлагорскім цэлюлозна-кардоным камбінаце" яе ў 2013 годзе ўзнагародзілі ганаровай граматай таварыства, а ў 2021 года яна занесена на Дошку Гонару прадпрыемства за "добрасумленную працу і поспехі ў рабоце.”

Мінчука затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту

На «пакаяльным відэа» ён кажа, што браў удзел у нядзельных маршах, рабіў фота і відэа з пратэстаў і адпраўляў іх у «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Таксама ён нібыта ў каментарах абражаў прадстаўнікоў улады.

«Медыязона» знайшла ў сацсетках мужчыну, падобнага на затрыманага. Там ён падпісаны як Сеня Сіўшыцкі.

Па вяртанні з Польшчы быў затрыманы жыхар Брэста

Ён нібыта прымаў удзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў жніўні 2020-га году.

Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы ў сацсетках падпісаны як Вадзім Залаты

Валанцёра «Вясны» Андрэя Чапюка змясцілі ў ШІЗА за дзень да спаткання з бацькамі

Палітвязень Андрэй Чапюк з сакавіка 2023 года адбывае тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22. Паводле «Вясны», 16 жніўня ў Андрэя мусіла адбыцца спатканне з бацькамі ў калоніі, але 14 жніўня яго на 10 дзён змясцілі ў штрафны ізалятар.

Прычынай стала «парушэнне формы адзення». Вязням у ШІЗА забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, таму невядома, калі Андрэй зможа пабачыцца з бацькамі ў наступны раз.

Нагадаем, у верасні 2022 году вынеслі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным, у тым ліку каардынатарцы Валанцёрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай і валанцёру Андрэю Чапюку. Палітвязню прысудзілі 6 гадоў калоніі. Пазней Вярхоўны суд скараціў яму тэрмін на тры месяцы — да 5 гадоў і 9 месяцаў зняволення.