Хронікі рэпрэсій. Палітвязень з анкалогіяй праходзіць у турме хіміятэрапію, схапілі экс-журналістаў тэлеканала «Ранак»

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 7 снежня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1.webp

Палітзняволены маладзечанец Павел Кучынскі мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымліваюць у зняволенні амаль два гады. У чэрвені мінулага года яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі зменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Замест калоніі Паўла накіравалі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах, дзе палітвязень цяпер праходзіць курс хіміятэрапіі. Але лячэнне не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе. З лекарамі праводзілася кансультацыя наконт перасадкі касцявога мозга, але гэта немагчыма зрабіць ва ўмовах зняволення.

Павел — каталіцкі вернік, скончыў факультэт радыётэхнікі і нанатэхналогій БДУІРа, працаваў на «Інтэграле» ў Мінску.

Дыягназ палітвязню паставілі ў сакавіку 2021 года, але прыкметы хваробы з'явіліся яшчэ восенню 2020 года. Лекары дыягнаставалі ў Паўла лімфому Ходжкіна чацвёртай стадыі.

Паўла затрымалі 26 студзеня 2022 года. Спачатку родным казалі, што Павел затрыманы на трое сутак, а пасля высветлілася, што яго будуць трымаць пад вартай да суда. Родныя ездзілі у Бараўляны за паперамі, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні і яго нельга трымаць у такіх умовах, пісалі ў пракуратуру і адміністрацыю Лукашэнкі — але нічога не дапамагло.

Сваякам удалося дамагчыся, каб Паўла звазілі ў Бараўляны на абследаванні, па выніках якога стала вядома, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абследавання следчай з просьбай аказаць дапамогу, тая сказала, што ён нібыта не скардзіцца і што родныя «гэтымі дзеяннямі затрымліваюць працэс».

У выніку Паўла выставілі абвінавачанне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за каментары ў інтэрнэце. Працэс над ім у закрытым рэжыме распачаўся 2 чэрвеня 2022-га ў судзе Вілейскага раёна. Суддзя Канстанцін Калядаў асудзіў Кучынскага да пяці гадоў пазбаўлення волі.

У ліпені 2022 года, падчас медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, Паўлу паставілі першую групу інваліднасці — да гэтага ў яго была інваліднасць другой групы.

У Мінскім абласным судзе 2 верасня была разгледжана апеляцыйная скарга палітвязня, па выніках якой яму скарацілі тэрмін на тры месяцы — з пяці гадоў зняволення да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў. Але пры гэтым дадалі штраф у памеры 120 базавых велічыняў (3840 рублёў).

У судзе Вілейскага раёна 7 чэрвеня вынесены прысуд жыхару Маладэчна, палітвязню Паўлу Кучынскаму, якога абвінавацілі ў абразах прэзідэнта, прадстаўніка ўлады, суддзі, а таксама ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Палітвязня мусілі накіраваць у папраўчую калонію ва ўмовах узмоцненага рэжыму, але праз анкалагічнае захворванне змясцілі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах. Там яго ўтрымліваць для правядзення дыягностыкі для анкахворых (ПЭТ/КТ). У гэтай лякарні хворыя знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камерах, якія перабудавалі для медыцынскіх патрэб.

Як стала вядома «Вясне», курсы хіміятэрапіі Паўлу не дапамагаюць і хвароба прагрэсуе. Пасля абследаванняў курс лячэння змяняюць, але палітвязню не становіцца лепш. Таксама ў яго была кансультацыя з лекарамі наконт перасадкі касцявога мозга, але праз зняволенне і ўмовы ўтрымання зрабіць гэта немагчыма.

Вядома, што Павел праз калонію спрабаваў перадаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Палітвязня нават перавялі дзеля гэтага ў калонію на некалькі дзён, але ў выніку, калі яго ўжо перавозілі ў лякарню, хлопцу вярнулі паперу з прашэннем.


Глядзіце таксама

У Светлагорску адбыліся затрыманні былых супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». На сваёй старонцы ў фэйсбуку Андрэй Ліпскі, адзін з былых супрацоўнікаў каналу, паведаміў, што прайшла хваля допытаў і затрыманняў яго калегаў.

Дагэтуль не выходзяць на сувязь Людміла Андэнка (карэспандэнтка) і Юлія Даўлетава (былая галоўная рэдактарка), таксама няма сувязі з дырэктаркай Аленай Шчэрбін.

Стала вядома, што дваіх жанчын затрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 361-1 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Зараз яны знаходзяцца ў ІЧУ Жлобіна.

Нагадаем, 11 чэрвеня ў Светлагорску былі затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». Сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі.

У верасні тэлеканал прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Затрыманы кіраўнік загараднага клуба «Фестывальны» Генадзь Верамейчык.

На «пакаяльным відэа» затрыманы сцвярджае, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а ў 2020-ым годзе зняў з тэрыторыі клуба чырвона-зялёны сцяг.

Загарадны клуб «Фестывальны» з'яўляецца адной з найбуйнейшых пляцовак на рынку еvent-паслуг Беларусі. Ён спецыялізуецца на правядзенні карпаратыўных мерапрыемстваў (забаўляльных і навучальных) і прыватных святаў.

Чарговы суд за здзек над дзяржаўнымі сімваламі адбыўся ў Мінску 28 верасня. Суд Кастрычніцкага раёна пакараў пазбаўленнем волі Аляксандра Кандрацьева паводле арт. 370 КК. Справу разглядала суддзя Алена Жывіца.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Кандрацьеў вечарам 31 ліпеня, знаходзячыся паблізу будынка аднаго з інтэрнатаў Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі № 407 па вуліцы Чкалава, рукамі схапіў за палотнішча дзяржаўны сцяг, замацаваны на фасадзе будынка, пасля чаго сарваў яго з мацавання, зламаўшы пры гэтым дрэўка. Затым, скруціўшы палотнішча сцяга, забраў яго з сабой. Гэтым ён «прычыніў шкоду аўтарытэту Рэспублікі Беларусь».

А матэрыяльная шкода заводу склала 130 рублёў 82 капейкі.

Суд прызначыў Кандрацьеву 1 год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.


Глядзіце таксама

Суд у Дуброўне арыштаваў на суткі трактарыста з-за падпіскі ў «Аднакласніках» на мясцовы паблік.

Бацька чатырох дзяцей Сяргей Каўбасаў жыве з сям'ёй у аграгарадку Расасна Дубровенскага раёна, працуе ў ААТ «Баброва-Агра» трактарыстам. Сілавікі знайшлі ў яго ў «Аднакласніках» падпіску на суполку «Усё аб Дуброўна», якая два месяцы таму была прызнана «экстрэмісцкай».

У выніку суддзя Ігар Татаеў арыштаваў мужчыну на адны суткі.

Затрыманы жыхар Гродна. Нібыта за тое, што прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога», а таксама распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы». 

У Беларусі 22 новыя палітвязні: Павел Салагуб, Віталь Цыдзік, Андрэй Ігнатовіч, Уладзімір Грыбанаў, Ігар Барысаў, Сяргей Рудзянкоў, Алег Казлоў, Максім Мнацаканаў, Пётр Ярмашук, Андрэй Савінскі, Сняжана Цадава, Алег Ермаковіч, Юрый Мінін, Яўген Пяляхаты, Яўген Шчарбіна, Валянцін Дуброўшчык, Мікіта Сцяпурка, Алег Сычоў, Анастасія Пілько, Ларыса Кучынская, Аляксандр Кучынскі, Андрэй Сцяпурка.

Цяпер, паводле спісаў праваабаронцаў, у Беларусі 1473 палітвязні. Але вядома, што насамрэч іх нашмат больш.