ГУБАЗіК апублікаваў відэа з затрыманым аўтарам твітар-акаўнта Gypsynkov
У тэлеграм-канале ГУБАЗіК з’явіўся відэазапіс з затрыманым аўтарам твітар-акаўнта Gypsynkov Міхаілам Цыганковым. На відэа Цыганкоў вымушаны казаць, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і «скідаў інфармацыю аб перамяшчэнні сілавікоў».

Тое, што на відэа ГУБАЗіК сапраўды Цыганкоў, «Медыязоне» пацвердзіў чалавек, які ведае, як выглядае блогер. Пра тое, што менавіта ён з'яўляецца ўладальнікам акаўнта Gypsynkov, раней паведамляў Праваабарончы цэнтр «Вясна».
У першых кадрах відэа ГУБАЗіК узброеныя сілавікі ўзломваюць уваходныя дзверы ў кватэру, у якой, мяркуючы па ўсім, знаходзіцца Цыганкоў. Чуваць крыкі: «Кладзіся на падлогу!».
Пазней затрыманага прымушаюць на відэа гаварыць. Ён кажа, што цяпер працуе праграмістам у EPAM, а ў жніўні 2020 года «наведваў пратэставыя маршы».

Пра затрыманне аўтара твітар-акаўнта Gypsynkov увечары 28 студзеня паведамілі праваабаронцы. Паводле іх, адначасова былі затрыманыя яшчэ некалькі беларускіх блогераў-тысячнікаў з твітара, аднак нейкай больш дакладнай інфармацыі пра гэта за суткі не з'явілася.
Аўтар акаўнта Gypsynkov, які налічвае каля 11 тысяч падпісчыкаў, стаў папулярны дзякуючы жартам на сацыяльна-палітычныя тэмы.