Ідэя Карпянкова: Паўлічэнка фармуе «мабільныя групы» з былых спецназаўцаў, каб працаваць на рэферэндуме

Палкоўнік запасу Дзмітрый Паўлічэнка фармуе «мабільныя групы» з былых спецназаўцаў, піша sb.by. Гэта ініцыятыва намесніка міністра ўнутраных спраў, камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова. У суботу ў в/ч 3214 ён удзельнічаў у нарадзе актыву Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС «Честь» (Паўлічэнка — старшыня яе Савета).

Фота chest.by

Фота chest.by

«Мабільныя групы» з ветэранаў спецназу ствараюцца «ў мэтах аховы грамадскага парадку ў дні правядзення рэспубліканскага рэферэндума», а таксама мусяць ахоўваць сем'і вайскоўцаў і членаў выбарчых камісій.

Дзмітрый Паўлічэнка прыгадвае выпадкі, калі раней ветэраны спецназу прыцягваліся для дапамогі сілавым структурам. Восенню 1999-га каля 100 чалавек спынялі нейкія беспарадкі ў Мінску. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года задзейнічалі ўжо каля 300 чалавек, у 2006-м — каля 600. Лічбу ветэранаў спецназу, якія ўдзельнічалі ў жніўні 2020-га ў падаўленні пратэстаў, палкоўнік не назваў, адзначыў толькі, што гэта была «большасць членаў... арганізацыі». І яны сталі побач «з АМАПам, спецназам, міліцыяй».

У бліжэйшы час у сталіцы і ў рэгіёнах пройдуць «міні-вучэнні і трэніроўкі» ўдзельнікаў «мабільных груп» (іх узрост ад 20 да 50 гадоў). «Мы будзем дзейнічаць у Мінску, абласных і некаторых раённых цэнтрах — дакладна па ўказанні супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся на пастаяннай сувязі з імі», — кажа Дзмітрый Паўлічэнка.

Паўлічэнка — фігурант заходніх «чорных спісаў», яго падазраюць у дачыненні да знікнення ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, нагадвае «Еўрарадыё».