Ініцыятыва дэмсіл «Адно акно» заклікала далучыцца да Джынсавага дня. Што гэта?
Сацыяльная служба дэмакратычный сіл «Адно акно» заклікала беларусаў прыняць удзел у міжнародный кампаніі, вядомай як Джынсавы дзень.
«Вы калі-небудзь чулі пра Джынсавы дзень? Магчыма, не. Але калі вы даведаецеся, што гэта, вы зразумееце, чаму гэта важна, — гаворыцца ў прэс-рэлізе ініцыятывы. —
У красавіку кожнага года ў свеце праходзіць Denim Day — дзень, калі людзі ва ўсім свеце надзяваюць джынсы, каб выказаць сваё супрацьдзеянне гвалту, асабліва сэксуалізаванаму».
Чаму джынсы? «Таму што гісторыя гэтай акцыі пачалася ў Італіі пасля рашэння Вярхоўнага суда, які адмяніў прысуд за згвалтаванне, бо пацярпелая была ў вузкіх джынсах, якія праблематычна было зняць без яе згоды, а значыць, акту гвалту не было, — нагадвае «Адно акно». — Гэты інцыдэнт натхніў жанчын у італьянскім парламенце прыйсці на працу ў джынсах у знак салідарнасці з пацярпелай. У адказ на гэтую падзею арганізацыя «Мір вышэй за гвалт» пачала кампанію Denim Day, якая ператварылася ў рух, накіраваны на прыцягванне ўвагі да абвінавачанняў ахвяраў і дэструктыўных міфаў, што атачаюць сэксуалізаваны гвалт».
Падкрэсліваецца, што для Беларусі тэма гвалту вельмі актуальная, менавіта таму сацыяльная служба «Адно акно» прапануе далучыцца да гэтай міжнароднай кампаніі і беларусам.
«Для чаго? Гэтая акцыя прыцягвае ўвагу да праблемы сэксуалізаванага гвалту ў нашай краіне і за яе межамі. Мы кажам: «Няма апраўдання і ніколі не можа быць прычыны для гвалту». Мы заклікаем: «Не абвінавачвайце, а падтрымлівайце!»
У рамках гэтай кампаніі ініцыятыва правядзе серыю мерапрыемстваў, накіраваных на дапамогу пацярпелым ад гвалту, пад хэштэгамі #джынсавыдзень і #denimdaybelarus. Запланаваныя жывыя эфіры пра жаночую самаабарону, асэртыўнасць, абвінавачанні пацярпелых ад гвалту.
«24 красавіка ў 9:00 (па Мінску) ў жывым эфіры гаворым пра міфы і факты пра гвалт у сучасным беларускім грамадстве і абвінавачванні пацярпелых ад сэксуалізаванага гвалту. Як супрацьстаяць? Пра гэта і не толькі раскажа трэнерка WenDo Аня Ланец», — адзначаецца ў анонсе.
У 16:00 па мінскім часе з феміністкай, сертыфікаванай трэнеркай па самаабароне і асертыўнасці па метадзе WenDo Вольгай Ланеўскай «знаёмім усіх жадаючых з гэтым комплексным падыходам, мэтай якога з'яўляецца наданне ўпэўненасці ў сабе, каб супрацьстаяць непасрэднаму і скрытаму сэксуалізаванаму гвалту».
Стрымы можна будзе паглядзець у Instagram-акаўнце службы «Адно Акно» — вось па гэтай спасылцы.
Таксама 24 красавіка на гарачай лініі сацыяльнай службы «Адно Акно» будзе дзяжурыць высокакваліфікаваная псіхалагіня са значным досведам работы з пацярпелымі ад сэксуалізаванага насілля. Час кансультацый з 15.00 да 17.00 (па Мінску). Бяспечна і ананімна патэлефанаваць на гарачую лінію можна на сайце by.social.
Акрамя гэтага, 24 красавіка «Адно акно» прапануе беларусам са ўсяго свету далучыцца да флэшмобу: надзець джынсы і размясціць фатаграфію ў іх на сваіх старонках у сацыяльных сетках з хэштэгамі кампаніі #джынсавыдзень / #denimdaybelarus і словамі падтрымкі, якія, як вы лічыце, павінны ў першую чаргу пачуць пацярпелыя ад гвалту.
Кожны дзень з 23 па 25 красавіка ў сацсетках
сацыяльнай службы будуць публікавацца парады па бяспецы для беларусак(аў), якія
дапамогуць абараніцца ад сэксуалізаванага гвалту.