«Іншакультурныя ўзоры». Лукашэнкаўскі поп Поўны ўбачыў у канструктарах Lego пагрозу для дзяцей
Протаіерэй Фёдар Поўны разгледзеў у канструктары Lego нібыта негатыўны ўплыў на фарміраванне асобы дзіцяці. Пра гэта праўладна і прарасійска настроены настаяцель прыхода ў гонар Усіх Святых у Мінску заявіў на АНТ, піша «Н*ша Ніва».
Цацкі, падобныя да Lego, «арыентуюць дзіця на іншакультурныя
ўзоры і ўтоена агрэсіўныя», лічыць протаіерэй Фёдар Поўны.
«Нядаўна ў храме я ўбачыў хлопчыка гадоў трох, які пасля
службы ў чаканні мамы гуляў на лавачцы з маленькімі фігуркамі коней і вершнікаў
з «Лега». Што я там убачыў: маленечкія твары ў шыракаполых капелюшах былі
нахмураныя і ашчэраныя, адзін, асабліва агрэсіўнага выгляду, з адкрытым ротам і
вытарашчанымі вачыма, мабыць, адлюстроўваў ваяўнічую лютасць», — распавёў
прадстаўнік БПЦ.
Поўны не раіць бацькам дазваляць дзецям браць канструктары
Lego з сабой у храм, замест гэтага «прапануйце дзіцяці адпаведную
кніжку-расфарбоўку, невялікую мяккую цацку або ляльку».
Ён лічыць, што выразна пазначаныя адмоўныя эмоцыі,
адлюстраваныя на тварах персанажаў або ў іх дзеяннях, могуць навучыць дзяцей
нянавісці і злосці. Ледзь не галоўная тэма набораў канструктара, па словах
выразна праўладнага і прарасійскага святара, — гэта разнастайныя войны.
Пры гэтым вайна ва Украіне, якую развязала Расія, Поўнага не
бянтэжыць, ён цалкам за яе.
«Дарагія таты! Зразумела, трэба выхоўваць у сынах смеласць,
адвагу і мужнасць. Ох, як часта гэтага ў вас бракуе! Але ці спрыяе выпрацоўцы
гэтых якасцяў вестэрн? Няўжо «крутыя» каўбоі і «агенты 007» — гэта ідэал, да якога
трэба імкнуцца? Можа быць, цацачныя ваяры, якіх вы змайструеце разам з сынам,
акажуцца больш прымальныя для выхаваўчых мэтаў?» — звяртаецца протаіерэй да
беларускіх мужчын.