Як прымусіць дэпутатаў прымаць законы па-беларуску?

5 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў адбудзецца круглы стол па беларусізацыі заканадаўства. Дэпутатка Алена Анісім больш за год змагаецца за тое, каб законы прымаліся парламентам адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах — рускай і беларускай. Бо пакуль законаў на беларускай мове няма, пераклады іх не маюць юрыдычнай сілы, паведамляе Радыё Свабода.

3a5509f5_c10f_45bc_a594_1a4defe4013a_w1023_r1_s.jpg

Ініцыятар круглага стала — камісія па адукацыі, культуры і навуцы

Тэма сфармуляваная так: «Заканадаўства на беларускай мове: праблемы і іх практычнае вырашэньне на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
Для таго каб законы прымаліся парламентам адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах — рускай і беларускай, неабходна прыняць Закон аб нарматыўна-прававых актах — базавы дакумэнт, які рэгулюе ўсё заканадаўства, усе прававыя акты, і ў ім павінна быць замацаваная такая норма.

Паколькі законаў на беларускай мове няма, пераклады іх не маюць юрыдычнай сілы

На думку Алены Анісім, адсутнасць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэнне Канстытуцыі, якое не дае грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку. Бо пакуль законаў на беларускай мове няма, пераклады іх не маюць юрыдычнай сілы.
«Людзі звяртаюцца з тым, што іхнія правы парушаюцца, асабліва ў судах, і спасылаюцца на адсутнасць заканадаўства на беларускай мове. А мы як заканадаўцы, атрымліваецца, самі перашкаджаем іх канстытуцыйнаму праву і абвешчанай роўнасці моваў. Пытанне важнае.

zakony_2.jpg

З майго пункту гледжання, яно вырашаецца дастаткова проста, а з пункту гледжання юрыстаў — чамусьці складана. Пры гэтым яны забываюцца, што становяцца парушальнікамі Канстытуцыі — самі юрысты. Адсутнасць заканадаўства на беларускай мове насамрэч спараджае шмат праблем», — робіць выснову Алена Анісім.

Пакуль невядома, ці запрасілі на круглы стол перакладчыкаў

На круглы стол запрошаныя мовазнаўца, акадэмік Аляксандар Лукашанец, былы старшыня Канстытуцыйнага суду, а цяпер прафэсар БДУ Рыгор Васілевіч, экс-дэпутат, былы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых даследаванняў, супрацоўнікі міністэрстваў, дзейныя дэпутаты з іншых камісій.
Дэпутатка Алена Анісім настойвала, каб на паседжанне запрасілі і прадстаўнікоў грамадскай ініцыятывы, якая займалася перакладамі заканадаўства на беларускую мову, але пакуль невядома, ці будуць на круглым стале гэтыя перакладчыкі.
Алена Анісім спадзяецца, што пасля абмеркавання будуць зробленыя і высновы — будзе прынята рэзалюцыя, або рэкамэндацыі, або пэўныя прапановы, каб як мага хутчэй прыняць базавы Закон аб нарматыўна-прававых актах.
«Пасля прыняцця Закону аб нарматыўна-прававых актах можна будзе гаварыць, што механізм прыняцьця законаў на дзвюх мовах гатовы да запуску. Наша задача — вярнуць Беларусь у прававое поле ў справе прыняцьця законаў», — кажа яна.