Як сочаць за самаізаляцыяй у Беларусі і ў суседзяў?

8 красавіка ўрад Беларусі прыняў пастанову аб "абмежавальным мерапрыемстве" — самаізаляцыі. Дома павінны знаходзіцца пацыенты з каронавіруснай інфекцыяй у лёгкай форме (на 14 красавіка такіх у краіне было каля 500), кантакты першага і другога ўзроўняў і грамадзяне, якія прыбылі з-за мяжы, піша Еўрарадыё. Сюрпрызам для тых, хто самаізалюецца, стала тое, што цяпер да іх час ад часу наведваецца міліцыя.

Так кантралююць самаізаляцыю ў Гомелі / sb.by

Так кантралююць самаізаляцыю ў Гомелі / sb.by

Патруль можа патэлефанаваць у дамафон, а можа і проста набраць па мабільным. Але ж адказаць можа хто заўгодна! Няўжо так рэальна пракантраляваць, хто сядзіць дома, а хто не? А ў іншых краінах — што, таксама нічога лепшага не прыдумалі?


За пяць дзён праверылі два разы

23-гадовая мінчанка Ірына пяты дзень знаходзіцца на самаізаляцыі як кантакт першага ўзроўню. У яе маладога чалавека пацверджана каронавірусная інфекцыя. Хлопец лечыцца амбулаторна, гэта значыць, дома.
На трэці дзень самаізаляцыі ў кватэру па дамафоне пазванілі прадстаўнікі РУУС Цэнтральнага раёна. Іх цікавіла, ці дома Ірына і яе хлопец. На наступны дзень міліцыянеры абмежаваліся званком па мабільным тэлефоне.
Мы падпісалі дакумент аб самаізаляцыі 10 красавіка, кантралявалі нас за пяць дзён толькі два разы. Гэта здзіўляе. Мы патрабаванні выконваем, але ж не кожны будзе добраахвотна сядзець дома дзеля бяспекі іншых, — расказвае Ірына. — Ад медыкаў наогул ніякай інфармацыі не атрымліваем. Нават не ведаем, што нам рабіць і як лячыцца


Не толькі ў Мінску

Дарэчы, міліцыя сочыць за людзьмі, якіх падазраюць на наяўнасць COVID-19, не толькі ў Мінску. 15 рабочых з Расіі, ізаляваных у палатах Смаргонскай ЦРБ пасля станоўчага тэста на каронавірус, таксама знаходзіліся пад пастаянным кантролем вартавых правапарадку.
"Нарад міліцыі патрулюе бальніцу суткамі, як быццам мы зэкі! Міліцыя на вуліцы. Дзверы ў палату адчыненыя, але выходзіць нельга", — расказваў Еўрарадыё адзін з рабочых.
14 красавіка, пасля трэцяга тэста, які аказаўся адмоўным, мужчын выпісалі з бальніцы і змясцілі ў хатнюю самаізаляцыю.


"Праверкі праводзяцца штодзённа”

Каб разабрацца, як усё-ткі задзейнічана міліцыя ў праверцы выканання правілаў самаізаляцыі, Еўрарадыё звярнулася ў МУС.
Кантролем займаюцца медыкі, міліцыя суправаджае іх. Праверкі праводзяцца штодзённа, без уваходу ў жылое памяшканне і непасрэднага кантакту. Калі чалавека не знаходзяць па месцы жыхарства або часовага знаходжання, то міліцыя прымае меры па ўстанаўленні яго месцазнаходжання і высвятленні прычын парушэння самаізаляцыі, — тлумачыць афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.
— А якія меры пакарання прадугледжаны для тых, каго не знаходзяць на месцы?
У выпадку адсутнасці аб'ектыўных прычын і сістэматычнага парушэння правілаў самаізаляцыі супрацоўнікі міліцыі могуць скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Далей яго будзе разглядаць суд. Але асноўная мэта ўдзелу міліцыі ў праверках выканання самаізаляцыі — гэта дапамагчы медыкам устанавіць месцазнаходжанне грамадзяніна і высветліць прычыну невыканання правілаў.
Атрымліваецца, што афіцыйна праверкі праходзяць штодня. На практыцы ж — раз на пару дзён. Можа быць, медыкі і міліцыя працуюць так далікатна, што людзі, якія знаходзяцца ў хатняй самаізаляцыі, іх проста не заўважаюць?

У Польшчы і ва Украіне — спецыяльная праграма

Кантроль за выкананнем правілаў самаізаляцыі ў Беларусі жорсткім не назавеш. Грамадзян не запалохваюць вялікімі штрафамі, а праверка, як высвятляецца, можа прыйсці раз на пару дзён... Чыноўнікі заклікаюць грамадзян паводзіць сябе адказна, але ці ва ўсіх пандэмія каронавіруса абудзіла сумленне? У іншых краінах так не лічаць. 
У Польшчы для кантролю за выкананнем правілаў хатняга каранціну распрацавалі спецыяльную мабільную праграму. Яе могуць спампаваць толькі тыя, хто знаходзіцца ў спісах Мінздароўя з пацверджанай каронавіруснай інфекцыяй, кантакты хворых і тыя, хто нядаўна прыбыў з-за мяжы.
Па некалькі разоў на дзень прыходзяць паведамленні, на якія трэба на працягу 20 хвілін адказаць, прымацаваўшы сваю фатаграфію. Па здымку правяраюць геалакацыю. Таксама гэта праграма мае доступ да іншых праграм тэлефона, якія выкарыстоўваюць GPS. Яе стварылі, каб у паліцыі было больш вольнага часу. Але нягледзячы на гэта, патруль усё яшчэ можа ў любы час дня прыйсці да дома, пазваніць у дамафон і папрасіць вызірнуць у акно. За парушэнне каранціну — штраф да 30 тысяч злотых (больш за 7000 долараў) або пазбаўленне волі на год, — расказвае Анастасія, жыхарка Варшавы.

Праграму распрацавалі ва Украіне / usionline.com

Праграму распрацавалі ва Украіне / usionline.com


Аналагічная сістэма працуе ва Украіне. Праграму "Дій вдома" ўсталёўваюць людзі, якія вярнуліся з-за мяжы, тыя, хто знаходзіцца на хатнім лячэнні, асобы з падазрэннем на каронавірус. Зарэгістраваным карыстальнікам на працягу двух тыдняў праграма адпраўляе да дзесяці push-паведамленняў у дзень. У адказ неабходна зрабіць сваё фота. Яно правяраецца на верагоднасць з дапамогай штучнага інтэлекту.

А ў Беларусі пытанне вырашаецца медыкамі і міліцыяй. І хто пасля гэтага IT-краіна?

Пакараць рублём усё-ткі могуць

На час самаізаляцыі беларусы атрымліваюць лісток непрацаздольнасці. Па гэтым бальнічным ім будуць выплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы. Але калі правілы самаізаляцыі парушаюцца, дапамога будзе паменшаная на 50%. Якія абавязкі маюць людзі, што трапляюць у самаізаляцыю? Не пакідаць месца, дзе яны знаходзяцца. Адзінае, куды яны могуць пайсці, — гэта найбліжэйшая аптэка або прадуктовая крама. Таксама можна выносіць смецце. Пры гэтым яны павінны насіць медыцынскую маску і не кантактаваць з іншымі людзьмі. У выпадку дрэннага самаадчування ім належыць тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу і паведаміць пра самаізаляцыю.
Юлія Матузава,euroradio.fm