Янка Запруднік: памяць пра беларускіх ахвяр камунізму будзе ўшанаваная ў ЗША
Беларускае месца будзе абавязкова
запоўнена ў Міжнародным музеі памяці ахвяраў камунізму, што ствараецца ў ЗША да
100-годдзя бальшавіцкага перавароту. Пра гэта «Новаму часу» заявіў адзін з
найбольш уплывовых дзеячоў беларускай дыяспары ў ЗША, ганаровы сябра
Беларускага ПЭН-цэнтру Янка Запруднік.
Паводле яго слоў, Алеся Кіпель (дачка выбітнага дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША, гісторыка і бібліёграфа Вітаўта Кіпеля) зараз працуе ў Міністэрстве ўнутраных спраў ЗША. Апроч таго, у Вашынгтоне Алеся Кіпель узначальвае філію Беларуска-амерыканскага задзіночання, у складзе якой ёсць цэлая грамада маладых, актыўных пераемнікаў беларускай справы.
“А паколькі гэтыя маладыя людзі на чале з Алесяй Кіпель знаходзяцца ў непасрэдным кантакце з Дзярждэпартаментам, урадавымі дзеячамі і Кангрэсам ЗША, памяць пра беларускіх ахвяраў камунізму ў экспазіцыі ствараемага музею будзе не абмінутая, а ўшанаваная”, — запэўніў Янка Запруднік.
Па яго меркаванню, беларуская грамадскасць павінна “любымі спосабамі дамагацца” ад дзяржаўных структур Беларусі адкрыцця імёнаў бязвінных ахвяр камунізму, што расстраляныя ў Курапатах і іншых месцах масавай згубы людзей пад час палітычных рэпрэсій.
Нагадаем, што ў 2017 годзе будзе адзначацца 100-годдзе Кастрычніцкага перавароту. Менавіта гэты пераварот паклаў пачатак увасабленню ідэалогіі камунізму ў практыку. Амаль 40 краін свету перажылі камуністычны эксперымент, у выніку якога загінулі больш за 100 мільёнаў чалавек.
У гонар ахвяр камунізму на Капіталійскім пагорку ў Вашынгтоне побач з Кангрэсам ЗША узведзены велічны помнік. Да 100-годдзя Кастрычніцкага перавароту ў цэнтры Вашынгтону ствараецца Міжнародны музей памяці ахвяр камунізму. Усё гэта робіцца ў краіне, якая сама не зведала жахаў камунізму, але добра разумее вартасць каштоўнасцяў свабоды і дэмакратыі. З гэтай жа прычыны ў складе Міжнароднай рады музеяў, што працуе пад патранатам ЮНЭСКА, дзейнічае Міжнародны камітэт музеяў памяці ахвяр дзяржаўных злачынстваў.
Такая ўвага накладае вялікую адказнасць і на беларускую грамадскасць у справе ўвекавечвання памяці пакутнікаў савецкага таталітарызму.