«Яны ж не Дзяды Марозы, і зараз не Новы год». Слуцкая міліцыя пра забарону масак групы Zanzibar

Слуцкая міліцыя сцвярджае, што з іх боку з просьбай зняць маскі арганізатарам канцэрту ніхто не тэлефанаваў.

181124.jpg

Пра гэта «Кур'еру» паведаміў Андрэй Заяц, намеснік начальніка Слуцкага РАУС.
«Гэта закрыты канцэрт. Удзельнікі могуць там рабіць што заўгодна ў межах заканадаўства. Адкуль такая інфармацыя ў вядучага, спытаеце ў яго (вядучага канцэрта - Заўвага. Рэд.) самога», — сказаў Андрэй Заяц.
Нагадаем, што канцэрт у Слуцкім ГДК, прысвечаны Дню герояў, 24 Лістапада адзначыўся невялікім здарэннем. Адразу пасля першай песні гурта Zanzibar вядучы паведаміў прысутным у зале: патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што ўдзельнікі групы для працягу выступу павінны зняць маскі.

Пра што быў тэлефонная размова

Як распавяла Аліна Нагорная, арганізатар канцэртнай праграмы, ёй падчас выступу запрошанай групы Zanzibar патэлефанаваў супрацоўнік Слуцкага РАУС. Яна азнаёміла рэдакцыю з запісам тэлефоннай размовы:
— Аліна?— Так.— З РАУС (прозвішча супрацоўніка). Вы ведаеце, у нас ва масках заборонена выступаць?— Як гэта забаронена? Гэтя сцэнічны вобраз. Дзед Мароз таксама мусіць быць без барады?— Не, Дзед Мароз — гэта Дзед Мароз.— Чаму Дзеду Марозу можна быць у барадзе, а людзям у масках нельга?— Таму што яны ж ня Дзяды Марозы, і зараз не Новы год.
«Кур'ер» патэлефанаваў па нумары, з якога падчас канцэрту быў званок Аліне Нагорнай. Яго гаспадаром сапраўды апынуўся супрацоўнік Слуцкага РАУС. Аднак ён не пацвердзіў і не абвергнуў, тэлефанаваў ён арганізатару ці не. Сказаў: «Без каментароў».


Патрабаванне зняць маскі — незаконнае

Юрыст Ігар Случак, які дапамагаў з арганізацыяй канцэрта, асабіста размаўляў у фае з міліцыянтам, які тэлефанаваў, а таксама Людмілай Мазніковай, дырэктарам Дома культуры, Міхаілам Вараб'ём, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, і яшчэ адной чыноўніцай, імя якой ён не ведае. Па словах Ігара, ён быў пастаўлены перад умовай: калі выступоўцы не здымуць маскі, то канцэрт скончаць. Таму арганізатар быў вымушаны папрасіць групу зняць маскі і абвясціць прычыну ў мікрафон.
«Патрабаванне зняць маскі — незаконнае. У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" яно не трапляе пад пункт аб тым, што ўдзельнікі павінны быць без масак. Гэта патрабаванне тычыцца мітынгаў І дэманстрацый. У дадзеным выпадку гэта перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў. Па сутнасці гэта і факт цэнзуры, якая забаронена Канстытуцыяй», - пракаментаваў Ігар.
Паводле kurjer.info