Яшчэ адзін прысуд за абразу міліцыянта Вольніча

Суд Рагачоўскага раёна 22 снежня вынес вырак па крымінальнай справе аб абразе прадстаўніка ўлады. «Пацярпелы» ад абразы міліцыянт пра свае дзеянні сказаў так: «Я выконваў загад. Быў несанкцыянаваны мітынг, і нам загадалі яго разагнаць».

Кадр з відэа, каментары пад якім пакрыўдзілі Вольніча

Кадр з відэа, каментары пад якім пакрыўдзілі Вольніча

Судзілі мясцовага жыхара Аляксандра Кандорскага. Судовае пасяджэнне ўзначальвала суддзя Ірына Прадун. Дзяржабвінаваўца — Папоў.

Вядома, што Аляксандру Кандорскаму 33 гады, ён працуе кіроўцам-экспедытарам у прыватнай фірме, мае двух дзяцей і вельмі добрыя характарыстыкі.

Справа, па якой асудзілі мужчыну, была распачатая ў Віцебску яшчэ у 2020-м годзе за абразу міліцыянта Ігара Вольніча, але потым яе перадалі ў Рагачоўскі РОСК.

У кастрычніку мінулага года пад відэа пра разгон мірнай акцыі, якое ў сваім пасце ў «Аднакласніках» размясціла Вольга Карач, Аляксандр пакінуў каментар «на кол». Усяго пад тым пастом людзі напісалі 1870 негатыўных каментароў пра дзеянні міліцыянта Вольніча. І гэта ўжо далёка не першая справа, па якой ён праходзіць пацярпелым.

Каментар Аляксандра Кандорскага адправілі на лінгвістычную экспертызу. Па яе выніках высветлілася, што ў ім «няма элементаў агрэсіі і закліку да гвалту». Падчас суда абвінавачаны сказаў, што той свой каментар ён напісаў на эмоцыях.

Пацярпелага міліцыянта Вольніча падчас суда апыталі па скайпе. Пра тое відэа і пра свае дзеянні на ім ён сказаў так: «Я выконваў загад. Быў несанкцыянаваны мітынг, і нам загадалі яго разагнаць».

Вольніч дадаў, што каментар Аляксандра Кандорскага прычыніў яму «крыўду, сорам, горыч, абурэнне». У выніку, паводле слоў міліцыянта, яму нават давялося звярнуцца па дапамогу да псіхолага. Пацярпелы заявіў, што ў якасці маральнай кампенсацыі за абразу ён патрабуе 1500 рублёў.

Дзяржабвінаваўца палічыў што ў дачыненні да Вольніча было здзейснена злачынства, «выяўленае ва ўзбуджэнні палітычнай варожасці». У пасяджэнні быў аб'яўлены невялікі перапынак, пасля чаго прысуд абвінавачанаму вынеслі на выяздным пасяджэнні суда ў будынку РАУСа.

Аляксандра Кандорскага прызналі вінаватым ў здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і прысудзілі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую установу адкрытага тыпу.