ЕГУ: «Альбо будзе зроблены рашучы крок, альбо будзем дэградаваць далей»
У Вільні завяршылася студэнцкая канферэнцыя «Беларускі ЕГУ: 10 год у Літве», якую зладзілі студэнцкае прадстаўніцтва і асацыяцыя выпускнікоў ЕГУ. Адна з мэтаў канферэнцыі — абмеркаваць сітуацыю ва ўніверсітэце і паўплываць на выбары рэктара.

У працы канферэнцыі ўзялі ўдзел тры з сямі кандыдатаў на пасаду рэктара: Аляксандар Мілінкевіч, выкладчыца ЕГУ Тацяна Шчытцова і прадстаўнік адміністрацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс. У першы дзень
канферэнцыі яны агучылі свае перадвыбарчыя праграмы і распавялі пра сваё бачанне будучыні ЕГУ.
Пра цікавасць да ЕГУ сведчыць і тое, што ў працы канферэнцыі, арганізаванай студэнтамі, узялі ўдзел прадстаўнікі МЗС Літвы, а таксама амбасадаў Польшчы, Нямеччыны і Швецыі ў Літве.
А вось прадстаўнікоў адміністрацыі былі лічаныя адзінкі. Ні першага рэктара Анатоля Міхайлава, ні цяперашняга правоста і кандыдата на рэктара Дэвіда Поліка не было, хаця шмат вострых пытанняў
адрасавалася непасрэдна ім.
ЕГУ за 10 гадоў існавання ў Вільні зьмяніўся ў горшы бок. Гэтую тэзу паўтаралі літаральна ўсе.
У суботу цягам пяці гадзінаў доўжыліся дыскусіі. Абмяркоўвалі шмат праблемаў: «Выкладанне, даследаванні і якасць», «Сувязь з грамадствам», «Кіраванне
ўніверсітэтам» і «Якім быць ЕГУ? Міжнародным, беларускім ці літоўскім».
Усе ўдзельнікі дыскусіі — і кандыдаты на рэктара, і выкладчыкі, і студэнты казалі пра крызіс ў ЕГУ, пра непразрыстасць выбараў рэктара — дагэтуль дэтальна невядомая працэдура
выбараў. На няведанне працэдуры наракаў і кандыдат на рэктара Аляксандар Мілінкевіч.
На канферэнцыю запрасілі і звольненых з ЕГУ выкладчыкаў, у прыватнасці, былога старшыню Сенату прафесара Паўла Церашковіча, кандыдаты філасофскіх навук Андрэя Лаўрухіна. З іх вуснаў гучала шмат
крытыкі і вострых пытанняў. Павал Церашковіч нават ужыў тэрмін «каланіальны ўніверсітэт» і пералічыў шляхі, як пазбавіцца гэтай каланіяльнасці.
Выкладчыкі скардзіліся, што не хапае донарскіх сродкаў, і ЕГУ не ў стане запрашаць заходніх прафесараў. Казалі пра нізкі адукацыйны ўзровень беларускіх студэнтаў, праблемы з ангельскай мовай.
Выпускнікі ЕГУ наракалі, што атрымалі толькі тэарэтычныя веды, якія мала выкарыстальныя ў практыцы. Выпускніца ЕГУ Марта Ладуцька, якая працуе ў гатэльным бізнэсе ў Санкт-Пецярбургу, прывяла прыклад,
што на выкладанне эканомікі не хапіла крэдытаў, і што часцяком студэнты атрымліваюць не тыя веды. Аляксандар Аўтушка-Сікорскі адзначыў, што зусім няма сувязі з рынкам працы.
Выпускнік ЕГУ Аляксей Крывалап заўважыў, што ЕГУ паступова ператвараецца ва ўніверсітэт турызму і дызайну. Студэнты не ідуць на гуманітарныя спецыяльнасці: гісторыю, філасофію,
паліталогію.
Кандыдатка на рэктара Тацяна Шчытцова казала пра неабходнасць больш гнуткага мэнэджмэнту, што не хапае гнуткасці ў прыняцці рашэнняў. На яе думку, ва ўніверсітэце павінна змяніцца атмасфера.
Калі ўніверсітэт выбудуе іншую палітыку, Беларусь павінна прысутнічаць.
Прысутнасць і неабходнасць шчыльных сувязяў з Беларуссю пастаянна падкрэсліваў Аляксандар Мілінкевіч. Трэба вывучаць Беларусь і працаваць для Беларусі. ЕГУ — гэта не толькі адукацыя,
але і інтэлектуальны клуб. Не трэба баяцца слова палітыка, гэта палітычны праект, які падтрымлівае Еўрасаюз, Літва, іншыя еўрапейскія краіны, казаў спадар Мілінкевіч. Беларускасць з еўрапейскасцю
ідзе паралельна. І дэмакратычнасць. Гэта місія ЕГУ, на думку Мілінкевіча.
Пра беларускі напрамак і сувязі з Беларусьсю казаў і кандыдат на рэктара Дарыюс Удрыс, літовец па паходжанні з амерыканскай адукацыяй.
Заўважу, што паўтары гадзіны дыскусія ішла на расійскай мове. На што дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас заўважыў, што «Беларусь была каланіязаваная не ЗША, а іншай
краінай. Нават на канферэнцыі не пажадалі гаварыць па-беларуску». І дадаў, што «ЕГУ можа падаваць на грант у Расію — таму што Пуцін таксама думае пра Беларусь».
Спадар Колас сказаў таксама, што ЕГУ да еўрапейскага ўніверсітэту не дацягвае, але і беларускім яго назваць таксама нельга. «Як адлучалі беларусаў ад мовы? Менавіта праз універсітэты. Як не
было беларускага ўніверсітэту, так і няма», — падсумаваў Колас.
Тацяна Шчытцова заявіла: «Мы звязаны з Беларуссю серыяй скандалаў». І папракнула медыі — што пішуць пра ЕГУ толькі негатыў. Ёй адказалі, што рэпутацыя ЕГУ пацярпела не
з-за СМІ, а прычыны ў самім кіраўніцтве ўніверсітэту, закрытасці, непразрыстасці. Спадарыня Шчытцова заўважыла, што «быць універсітэтам у чужой краіне няпроста. Многае залежыць, якая каманда
складзецца з выбарам новага рэктара».
Абмяркоўвалі і тое, што трэба змяніць Статут ўніверсітэту, што ён аўтарытарны — нават кіраўнік Сенату не ўваходзіць ў кіроўныя органы ЕГУ.
Гучалі і рэзкія заявы, што «ЕГУ фактычна кіруе група алігархаў, ніякіх ратацыяў, нікому не падкантрольная вярхушка». Гучалі і высновы: «Альбо будзе зроблены рашучы
крок, альбо будзем дэградаваць далей».
Арганізатары канферэнцыі — Асацыяцыі студэнтаў і выпускнікоў ЕГУ— разам з прадстаўнікамі грамадскасці, выкладчыкамі абяцаюць цягам сутак выпрацаваць і прадставіць усім
зацікаўленым рэзалюцыю, выніковы дакумэнт.