Юліі Чамлай прысудзілі два гады калоніі за каментары на адрас супрацоўніка КДБ па «справе Зельцэра»

Мінскі абласны суд 18 ліпеня вынес прысуд па чарговай крымінальнай справе, звязанай з каментарамі на адрас загінулага супрацоўніка КДБ па «справе Зельцэра». На гэта раз судзілі палітзняволеную бібліятэкарку з Крупак Юлію Чамлай.

photo_2022_07_24_12_57_06.jpg

Дзяўчыну абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (арт. 130 Крымінальнага кодэкса) і абразе прэзідэнта Беларусі (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разгляў суддзя Анатоль Дабрадзей.
Юлія Чамлай была затрыманая 30 верасня 2021 года ў Крупках па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Да суда ўтрымлівалася ў следчай турме № 8 у Жодзіне.
Суд над Чамлай пачаўся яшчэ 11 ліпеня, а 18 ліпеня быў вынесены прысуд: прызнаць вінаватай і пакараць пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.
Юля выхоўвала сына, які зараз застаўся без маці.
Нядаўна прозвішча Юліі з'явілася ў абноўленым спісе "асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Нагадаем, што за каментары пасля гібелі супрацоўніка КДБ у Беларусі затрымалі амаль 200 чалавек.