Юлія Чарняўская: Я заўсёды смяялася з фразы «промні дабра», але яны, падобна, і сапраўды існуюць

Яўгенія Чарняўская, дачка Юліі Чарняўскай, змясціла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку зварот сваёй маці.

269048857_10225162691628636_4139445808752822931_n.jpg

«Дарагія мае, мілыя, цудоўныя, гэта я пішу вам, Юлія Чарняўская. Хачу падзякаваць за вашу дабрыню, спагаду, за вестачкі, за тое, што непакоіліся пра мяне і, галоўнае, за тое, што вы пра мяне памяталі ўсе гэтыя восем месяцаў. Часам ваша цяпло прабіралася скрозь сцены і па-сапраўднаму сагравала, хоць адагравацца я буду паступова, і гэта доўгі яшчэ працэс.

Зноўку вучуся карыстацца простымі рэчамі, займацца простымі справамі і думаць простыя думкі. Як ніколі веру ў вялікую сілу гаючай штодзённасці. У сілу снегу, ветру, усмешак родных, каляндарыка на Новы год, прыкладзенага да пакупкі ў аптэцы…

Гаварыць пра мой цяперашні статус не магу, не магу пакуль пісаць і на маёй старонцы ў ФБ і адказваць у месенджары. Магу толькі сказаць, што мне змянілі шэраг абмежаванняў — і гэта ўсё. Трэба будзе яшчэ прайсці доўгі і нялёгкі шлях.

Як жа я хачу, каб і ў іншых, і ў мяне самой усё нарэшце змянілася і вярнулася ў нармальнае рэчышча. Пакуль не замахваюся на многае, але як бы я хацела, каб для пачатку іншым хоць бы таксама змянілі гэтыя абмежаванні! Веру ў гэта: вера рухае горы — у адрозненне ад зманлівых надзей, што могуць хваравіта не спраўдзіцца. Як гаворыцца, ведаю, праходзілі.

Дзякую ўсім, хто дапамагае справай, добрым словам, проста думкай пра мяне, пра якую я нават і не здагадваюся. Я заўсёды смяялася з фразы "промні дабра", але яны, падобна, і сапраўды існуюць. Люблю вас. І вельмі шкадую, што не магу падзякаваць некаторым пайменна».