Юрый Корзун расказаў, як спынілі яго пратэст у шахце «Беларуськалія»
Юрый Корзун расказаў, як спынілі яго пратэст у шахце «Беларуськалія», паведамляе «Еўрарадыё».
Раніцай 10 верасня ён прыкаваў сябе кайданкамі на глыбіні 305 метраў і заявіў пра палітычныя патрабаванні: спыненне запалохвання, звальнення працоўных, вызваленне сябраў страйкаму, спыненне выкрадання грамадзян невядомымі асобамі, а таксама спыненне гвалту ў дачыненні мірных пратэстоўцаў і адстаўка Аляксандра Лукашэнкі.
Заяву шахцёра можна пабачыць тут.
Корзун адмаўляўся выходзіць на паверхню да выканання патрабаванняў. Але падземны страйк спынілі на загад адміністрацыі. А яго паднялі на паверхню.
У выніку шахцёр трапіў у бальніцу, куды калонай прыйшлі яго таварышы. Вось што расказаў Юрый Корзун пра падзеі сённяшняй раніцы:
"Да мяне быў выкарыстаны гвалт толькі ў шахце. Але гэта быў гвалт такі не грубы. Мяне заблакавалі, адціснулі ад ланцуга, для таго, каб яго адрэзаць... Яны гэта зрабілі. Я не лічу гэта гвалтам. Хто зрабіў? ІТР, чалавек 10 (відаць, маюцца на ўвазе інжынерна-тэхнічныя работнікі. — Еўрарадыё). Кайданкі зняць яны не маглі, здымалі ланцуг у МНС... Прывезлі ў бальніцу, дзе мяне абследавалі. Былі падазрэнні на праблемы з сэрцам. Зрабілі два разы кардыяграму, сказалі, што ўсё ў парадку. Але ёсць тэмпература... Памыюся, пераапрануся, адпачну і далучуся да страйку".
Корзун спадзяецца, што яго не затрымаюць. "Я не здзяйсняў ніякіх правапарушэнняў, крымінальных злачынстваў", — кажа ён.