Кацярына Андрэева ўпершыню за паўгода ўбачыла неба. Ад яе прыйшоў ліст з гомельскай калоніі

Ігар Ільяш, муж палітычнай зняволенай і журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай, атрымаў ад яе 28 траўня першы ліст з Гомельскай папраўчай калоніі № 4.

sud_anreeva_czulcova._fota_dzmitryja_dzmitryeva__9__logo_1_1_1_1_1.jpg

Як высветлілася з ліста, Кацярына Андрэева прыбыла ў ПК № 4 яшчэ раніцай 22 траўня. Піша, што там яна ўпершыню за паўгода ўбачыла неба, сонца, кветкі. Гэта, піша Кацярына, самае галоўнае ўражанне ад першага дня ў калоніі.

«Упершыню за паўгода я проста ішла па асфальце, а над галавою быў гэты велізарны сіні купал з пухнатымі воблачкамі!» — піша Кацярына.

Яна адчувае сябе добра, захоўвае пазітыўны настрой.

Дзе цяпер яшчэ адна зняволеная журналістка «Белсата» Дар’я Чульцова, невядома. 17 траўня яна пісала, што яе этапаванне з жодзінскай турмы перанеслі на тыдзень.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ўжо паўгода ў няволі. Журналістак «Белсата» затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыяла. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэкса.

18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда сталіцы Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яны не прызналі віны і назвалі пераслед помстай за прафесійную дзейнасць.

Напісаць Кацярыне можна на адрас: ПК № 4, атрад № 8, вул. Антошкіна, д. 3, 246035, г. Гомель. «Белсат»