Кацярына Андрэева: З цяжкасцю выбіла лекі, пасцельную бялізну не выдаюць, ежы на ўсіх не хапае

Аляксей Лявончык у сваім Facebook апублікаваў падрабязнасці затрымання і ўмовы ўтрымання ў камеры журналісткі "Белсату" Кацярыны Андрэевай. Яна была затрымана пасля стрыму з плошчы Пераменаў 15 лістапада. У дачыненні да журналісткі распачалі крымінальную справу.  

18308838_1205082869614127_324757851_n_660x440_1_1.jpg


Праз знаёмых Кацярына распавяла пра затрыманне і стаўленне да яе ў ЦІП.
«Затрымалі іх у кватэры, з якой яны вялі стрым. Там патэлефанавалі ў дзвярны званок, а потым пачалі ўскрываць дзверы. Было вельмі страшна, шумна, у абедзвюх здарылася панічная атака, у доме пры гэтым было двое маленькіх дзяцей. Затрымалі і адразу ж сталі пагражаць (10, 20, потым ужо 25 гадоў паводле крымінальнай справы абяцалі). Усё забралі, тэлефанаваць нікому не дазволілі, пазней, у РАУС, Каця страціла прытомнасць і на хуткай з канвоем яе даставілі ў больніцу.
Там угаварыць сілавікоў пакінуць яе лекарам не атрымалася, Каця папрасіла ў лекара тэлефон, каб патэлефанаваць. Яны пабіліся з лекарам, забаранялі даваць, але ён даў і яна змагла набраць мужу, пазней да іх у кватэру ўваліліся з ператрусам.
У Каці праблемы са здароўем, ёй трэба штодня прымаць таблеткі – таблеткі захоўваліся ў яе асабістых рэчах, але нікому з нас, якія сядзяць у ЦІП на Акрэсціна, доступ да асабістых рэчаў не далі. З цяжкасцю, штодзённым напамінам і просьбамі, толькі на трэці дзень лекі ёй далі. Медык ёсць, але яго не даклікацца – грукаеш у «акенца» – гарлапаняць, што яшчэ раз пастукаеш і забярэм матрацы, звоніш – кажуць, што яшчэ раз пазвоніш і больш званіць не зможаш ніколі.
Бялізну і ручнікі нам не выдалі. Хоць іх поўна – я была на судзе ў пакоі захоўвання бачыла багата чыстай бялізны. Пазней пачула, што «была каманда не даваць ім пасцельнай бялізны». У розны час у нашай камеры было ад 9 да 11 чалавек. Ложкі чатыры. Падушкі, матрацы, коўдры – па 4 штукі. Гулялі ў тэтрыс целамі, спрабуючы легчы спаць кожную ноч. У той жа час, я ведаю, што было як мінімум дзве свабодныя камеры.
Усё бруднае, смярдзючае, ежы перыядычна парцыённа не дадавалі. Але давалі хлеб. Пагражалі забраць матрацы ва ўсёй камеры, калі хтосьці асмеліцца сядзець або ляжаць на іх у дзённы час.
Паклікалі на шпацыр (у памяшканні з сеткай замест столі памерам 3 на 3) аднаго чалавека з камеры, а потым аказалася, што гэта трэба "зарабіць" – памыць падлогу на першым паверсе.
Не даюць чытаць дакументы пад подпіс – хутка падпісвайся і ўсё.
У вантусе або сантэхніку нам адмовілі, калі забілася ракавіна – сказалі, што можа быць заўтра падчас абыходу паўторыце просьбу і можа быць выклічуць. Абыход быў толькі адзін раз.
Акенца не хацелі адчыняць, хаця мы задыхаліся (памяшканне маленькае, нас 11). Мы спыталі, ці ў курсе яны, што ў нас катавальная, а не камера зняволення адміністрацыйных правапарушальнікаў. Усміхаюцца, кажуць, што так, так і трэба, мы задавальненне атрымліваем. Вось так. Бо няма чаго хадзіць. Мацюкі праз слова».
Дапоўнена: Родныя Кацярыны Андрэевай паведамляюць, што сёння бялізну выдалі, а камеру разгрузілі.