Калі надыходзіць ноч, шукайце на небе зоркі

Мы з вамі пражылі яшчэ адзін год. Год, якога хапіла б на некалькі дзесяцігоддзяў. Год вялікіх страт і такіх жа здабыткаў. Год расчараванняў і роспачы. Год надзеі і натхнення. Год, які застанецца ў гісторыі як год ціску і рэпрэсій. Але і як год нашай неймавернай салідарнасці і падтрымкі.

2954939240_zimnyaya_noch_v509_1280x1024_mm_100.jpg

Мы пражылі яго. Мы прайшлі праз усе выпрабаванні, каб стаць мацней. Нам патрэбныя сілы, каб падтрымліваць тых, хто за кратамі. Каб памятаць тых, хто не дажыў. Каб па цаглінцы будаваць нашу краіну, вольную і светлую. Каб выгадаваць нашых дзяцей і ўнукаў годнымі грамадзянамі. Бо калі не мы, то хто?
Наперадзе 2022-гі. Ён крок за крокам будзе прыносіць у наша жыццё новыя здабыткі і страты, новыя спадзевы і расчараванні. І чаго б там хто ні намагаўся, толькі ад нас з вамі залежыць, што ў выніку мы скажам 31 снежня 2022 года. Кажуць, калі надыходзіць ноч, трэба шукаць на небе зоркі. Хай кожны з нас убачыць такую зорку і пойдзе па шляху, які яна будзе асвятляць ажно да самага світання.
І няважна, дзе вы зараз — на свабодзе ці за кратамі, у Беларусі ці ў замежжы. Галоўнае, што вы з Беларуссю — у думках, у справах, у сэрцах. Я цвёрда веру, што думкі маюць уласцівасць матэрыялізавацца. Што воля, дух і надзея соцень тысяч абавязкова ўвасобяцца ў канкрэтны крок, і нарэшце настане той момант, калі мы выцягнем са схованкі тую асаблівую бутэльку шампанскага, каб раздзяліць яе з суседзямі, сябрамі ды звычайнымі мінакамі.
Калі гэта адбудзецца? Ці не галоўнае пытанне на сёння. Адказ на яго просты і складаны адначасова. Тады, калі мы зразумеем каштоўнасць свабоды і дэмакратыі, навучымся паважаць права кожнага на сваё меркаванне, адчуем прагу да роднага слова і пачнём ганарыцца сваёй гісторыяй. Калі нарэшце перастанем верыць абяцанкам і шукаць сабе куміраў. Калі навучымся несці адказнасць за свае ўчынкі і паверым ва ўласныя здольнасці самім будаваць сваю краіну.
Чым хутчэй мы гэта зробім, тым карацейшым будзе шлях да новай — вольнай і незалежнай — Беларусі. І хто ведае, можа, гэта будзе ўжо ў 2022 годзе.
З Новым годам! З Новым часам! Здароўя, моцы і прагі лепшага! Хай у гэтым годзе здзейсніцца ваша адно, самае запаветнае жаданне…
Не загаснуць зоркі ў небе, Покі неба будзе, — Не загіне край забраны, Покі будуць людзі. Ночка цёмная на свеце Вечна не пануе, Зерне, кінутае ў ніву, Ўсходзіць ды красуе.