«Катлеты майго рэцэпту могуць мець поспех». Пра што піша з турмы Сяргей Ціханоўскі
Тры месяцы Гомельскі абласны суд разглядае крымінальную справу Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава, Міколы Статкевіча і Дзмітрыя Папова. Суд закрыты, ён праходзіць у будынку гомельскай турмы.
У апошнім лісце з СІЗА-3 Сяргей Ціханоўскі піша пра сваю любоў да роднага Гомеля і катлеты «па-ціханоўску», паведамляе «Свабода».
Палітвязень у
лісце згадвае Гомель — родны для яго горад, дзе ён вучыўся ў школе і
ўніверсітэце, ажаніўся і працаваў.
«Люблю сквер
Грамыкі, набярэжную, парк, Савецкую да "Турыста", праспекты Перамогі і Леніна.
Ёсць шмат цудоўных гамельчукоў. Вось няма толькі нейкай гомельскай стравы.
Магчыма, калі-небудзь гэта будуць "катлеты па-ціханоўску"», — піша
палітзняволены.
А гэта — адзін з турэмных малюнкаў Сяргея Ціханоўскага.
Сяргей тлумачыць,
што фірмовыя катлеты ён ужо шмат гадоў гатуе сам для сваіх блізкіх і сяброў.
«З цяляціны, як варыянт — з ялавічыны і свініны. Гатуюцца на грылі, падаюцца з зяленівам, соусам наршараб, і на гарнір — свежая гародніна. Для аматараў — маладая вараная бульба. Пры асабістай сустрэчы выдам сакрэтны рэцэпт і пачастую. Калі буду на волі, упэўнены, што ўсе мы зможам правесці дэгустацыю ў розных гарадах. Магчыма, не толькі ў Гомелі іх возьмуць на ўзбраенне. Трэба ўвогуле трохі беларускую кухню асвяжыць, а то іншаземцы ведаюць толькі дранікі. Паколькі Ціханоўскіх ужо няблага ведаюць у свеце, то катлеты майго рэцэпту могуць мець поспех», — напісаў палітзняволены.
Сяргей Ціханоўскі
стаў папулярным блогерам у 2019 годзе. Увесну 2020 года ён заявіў пра
прэзідэнцкія амбіцыі і трапіў у турму. Быў арыштаваны 29 траўня 2020 года. З
таго часу — у турме, са жніўня 2020 года — у адзіночнай камеры.
Цяпер яго судзяць у закрытым судзе ў будынку гомельскай турмы разам з Ігарам Лосікам, Уладзімірам Цыгановічам, Міколам Статкевічам, Арцёмам Сакавым, Дзмітрыем Паповым. Усім ім пагражае 12–15 гадоў зняволення.