Князь Альгерд нарэшце вярнуўся ў Віцебск

Гэтага помніка чакалі ў Віцебску 4 гады, і нарэшце знакавая падзея адбылася: на былой Рынкавай плошчы, насупраць Сьвята-Уваскрасенскай царквы, урачыста знялі палатніну з коннай скульптуры вялікага князя літоўскага Альгерда.



Урачыстае адкрыццё помніка князю Альгерду, які ўладарыў у сярэднявечным Віцебску, адбылося ў Дзень гораду. І стала ці не самым цікавым пунктам у праграме святкаванняў 1040-х угодкаў Віцебску, заснаванага, паводле падання, у 974 годзе. Прынамсі, гэтая падзея сабрала ў цэнтры Віцебску некалькі соцень мясцовых жыхароў і гасцей.
Сярод прысутных былі і прадстаўнікі ўладаў — на чале са старшынём Віцебскага аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам, і прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў, прычым госьці з Ліпецку чамусь прыйшлі на свята Віцебску з расійскімі сцяжкамі-трыкалорамі. Але запэўнілі, што гэта — не нейкая правакацыя, а адзнака братняй прыхільнасьці да віцяблянаў.
Вядомы пісьменнік Уладзімер Арлоў у Віцебск прыехаць не змог, але лічыць з'яўленьне гэтага помніка важным і значным:
«Даведаўшыся гэтую навіну, я падумаў: «Нарэшце! Нарэшце мы маем годны помнік аднаму з самых славутых уладароў дзяржавы нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага. Гэты вялікі князь паказаў сябе і дальнабачным палітыкам, і выбітным палкаводцам. За часы яго ўладарання наша дзяржава больш як у два разы павялічыла сваю тэрыторыю і значна ўмацавала свой аўтарытэт у Еўропе. На час Альгердавага ўладарання прыпаў пік нападаў Тэўтонскага ордэна, які імкнуўся адрэзаць нашу дзяржаву ад Балтыкі. Альгерд адбіў шэсць нападаў нямецкіх рыцараў. Разам з тым на поўдні ў 1362 годзе на Сініх водах разграміў ардынцаў. І гэта была першая ва Усходняй Еўропе буйная перамога над татарамі, у выніку якой былі вызваленыя ад прыгнёту і далучаны да ВКЛ украінскія землі — Кіеўская, Валынская, Ноўгарад-Северская землі і Падолле. Баронячы суверэнітэт дзяржавы па іншых напрамках, Альгерд здзейсьніў паспяховы паход на Польшчу і тры паспяховыя экспедыцыі на Маскву. Дарэчы, памятка пра тыя падзеі — гэта Паклонная гара ў Маскве: якраз туды маскоўскія баяры прыходзілі на паклон да Альгерда з выкупам...»
Князь Альгерд быў сынам Гедыміна, заснавальніка новай дынастыі ў Вялікім княстве Літоўскім і Рускім. Ад бацькі ён атрымаў Крэўскае княства, а пасьля жаніцьбы з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай — і Віцебскае княства. Аднак менавіта тая акалічнасць, што ён вёў войны з Маскоўскім княствам, васалам Залатой Арды, і спарадзіла спрэчкі, ці варты князь Альгерд ушанавання ў Віцебску. Знайшліся прарасійска настроеныя «прадстаўнікі грамадзкасці гораду», якія цягам чатырох мінулых гадоў пісалі скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі, даводзячы, што гэта «чужы князь», «вораг Расіі і братняга беларусам расійскага народу». Праўда, з самай высокай інстанцыі, якую скаржнікі ведалі — з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі — ім не адказвалі ўвогуле. А што да мясцовых, віцебскіх уладаў, то гарвыканкам нават зладзіў грамадзкае абмеркаванне на тэму: «Ці патрэбны Віцебску помнік князю Альгерду?». І правёў яго, хоць абвешчаны самімі чыноўнікамі конкурс на лепшы праект помніка вялікаму князю літоўскаму на той час ужо завяршыўся.
Пераможцам конкурсу прызналі віцебскага аўтара Валерыя Магучага. Згодна з ягонай задумай, Віцебск меўся атрымаць конную статую князя Альгерда ў паляўнічым строі з сокалам на руцэ, вышынёй больш за 4 метры разам з пастаментам. Аднак усе мінулыя 4 гады пастамент, ужо падрыхтаваны для помніка, быў пусты. Яго нават абвясцілі самастойным мастацкім аб’ектам — зрабілі бронзавыя накладкі з выявамі віцебскіх замкаў ды так і назвалі — «Помнік віцебскім замкам». Абяцанне ж наконт помніка князю Альгерду віцебскі гарвыканкам паўтараў перад кожным Днём гораду аж з 2010 году.
Сёлета гараджане ўрэшце ўбачылі помнік — але не той, якім яго бачыў скульптар Валеры Магучы — пераможца конкурсу праектаў. Манумент з нейкіх прычынаў, якіх віцяблянам не патлумачылі, даручылі зрабіць мінскаму аўтару Сяргею Бандарэнку. Ён вядомы майстар скульптурных выяваў коней. Сярод ягоных працаў, да прыкладу, — скульптуры каля мінскага цырку.
Дарэчы, мінскі скульптар Сяргей Бандарэнка — адзін з пераможцаў конкурсу на лепшы помнік каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. Гэты помнік улады Наваградку некалькі год таму паабяцалі ўсталяваць у сваім горадзе.
Такім чынам, віцебскі Альгерд — гэта першы паўнавартасны помнік вялікаму князю літоўскаму на тэрыторыі сучаснай Беларусі, калі не лічыць драўлянай скульптуры вялікага князя літоўскага Вітаўта ў вёсцы Пялеса Воранаўскага раёну, што на Гарадзеншчыне.
У суседняй Літве вялікіх князёў ушаноўваюць нашмат маштабней. У Вільні на Кафедральнай плошчы ёсьць манумент у гонар князя літоўскага Гедыміна, легендарнага заснавальніка гораду. Ён быў урачыста адкрыты ў 1996-м годзе, а ў 2003 годзе каля Нацыянальнага музею Літвы быў усталяваны помнік першаму і адзінаму каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. Каранацыя вялікага князя адбылася 6 ліпеня 1253 году ў Наваградку. Гэтай падзеі ў сучаснай Літве прысвечана і адмысловае свята — Дзень дзяржавы, якое адзначаецца 6 ліпеня. У Беларусі нічога падобнага не святкуецца.
svaboda.org