У Віцебску ўсталявалі помнік князю Альгерду
Помнік будзе ўрачыста адкрыты 27 чэрвеня падчас святкаваньня 1040-годдзя Віцебска.
У цэнтры Віцебска нарэшце ўсталявалі помнік Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду. Пра гэта паведамілі «Народныя навіны Віцебска».
Трохгадовыя кулуарныя баталіі за вяртанне князя ў паўночную сталіцу Беларусі нарэшце завяршыліся. Конны помнік князю Альгерду быў створаны менскім скульптарам Сяргеем Бандарэнкам і адліты на полацкім прадпрыемстве “Тэхналіт”. Працэс мантажу доўжыўся ўвесь дзень.
Паназіраць за працэсам усталявання манумента князю Альгерду прыехаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Агледзеўшы помнік, ён заявіў, што гэта “найлепшая скульптура ў Беларусі”.
Урачыстае адкрыццё помніка князю Альгерду адбудзецца 27 чэрвеня падчас святкавання 1040-годдзя Віцебска.
Князь Віцебскі і Вялікі князь літоўскі Альгерд увайшоў у гісторыю горада над Дзвіной тым, што далучыў Віцебск да Вялікага княства дзякуючы шлюбу на дачцэ апошняга віцебскага князя Марыі. Падчас праўлення Альгерда Вялікае княства Літоўскае стала адной з самых вялікіх і магутных дзяржаваў сярэднявечнай Еўропы. Альгерд паспяхова ваяваў з Тэўстонскім ордэнам, татарамі і Маскоўскім княствам. У 2013 годзе супраць устаноўкі помніка Альгерду выступіла група "прадстаўнікоў арганізацый расійскіх суайчыннікаў".