Крадзяжы акаўнтаў у Telegram: навошта гэта робіцца і як абараніцца?

Апошнім часам павялічваецца колькасць выпадкаў, калі ў Telegram ствараюцца новыя акаўнты на беларускіх нумарах, якія не выкарыстоўваюцца ў гэтым дадатку. Пасля з гэтых акаўнтаў могуць весці перапіскі ад чужога імя як махляры, так і спецслужбы. 

Chesnot/Getty Images

Chesnot/Getty Images

Расказваем, чаму ваш беларускі нумар могуць скрасці і як засцерагчыся.

Напрыклад, вы перанеслі свой Telegram на замежны нумар. Пры ўваходзе ў дадатак раптам даведаліся, што там завялі акаўнт з вашым беларускім мабільным нумарам, хоць сім-карта ўсё яшчэ з вамі. Значыць, хтосьці завалодаў вашым нумарам. З такой праблемай сутыкнуліся ўжо некалькі беларускіх актывістаў і журналістаў, якія даўно не жывуць у Беларусі. Але беларускія нумары могуць забраць не толькі ў тых, хто актыўна выступае супраць беларускіх улад. Тлумачым, што гэта за з'ява і як засцерагчыся ад узлому акаўнтаў.

Як прысвойваюць чужыя нумары

Існуе некалькі спосабаў атрымаць доступ да беларускай сім-карты, нават калі яна ў вас на руках, тлумачыць у размове са «Свабодай» эксперт праваабарончай арганізацыі Human Constanta, які пажадаў захаваць ананімнасць дзеля бяспекі.

«Калі на ваш нумар нехта завёў сабе акаўнт у мэсэнджарах, значыць, ён мае доступ і да СМС-паведамленняў (яны дазваляюць атрымаць кантроль над акаўнтам у мэсэнджары. —РС). Можа быць некалькі спосабаў атрымаць доступ. Першы — перахапіць СМС-паведамленне. Гэта экзатычны і дарагі спосаб. Малаверагодны сцэнар, каб усе тэлефоны заразілі вірусам, які перадае інфармацыю праз СМС. Хутчэй за ўсё, альбо быў зроблены дублікат сім-карты, альбо ёсць доступ да інфраструктуры мабільнага аператара», — кажа суразмоўца.

Глядзіце таксама

Акрамя гэтага, рэгістрацыя новых акаўнтаў у Telegram ці іншых мэсэнджарах па старым нумары можа адбывацца і тады, калі мабільны аператар перадае нумар іншаму чалавеку. Так здараецца ў тым выпадку, калі нумар ніяк не выкарыстоўваецца адносна працяглы тэрмін, ад 6 месяцаў і больш. Новы ўладальнік аўтаматычна атрымлівае магчымасць трапіць да вас у мэсэнджары, калі яны не былі абаронены належным чынам.

Каму і навошта патрэбны доступ да чужых акаўнтаў у мэсэнджарах і сетках

Дакладна невядома, хто атрымлівае доступ да беларускіх нумароў тых людзей, якія з'ехалі з краіны праз магчымасць палітычнага пераследу, кажа эксперт.

«Ёсць спамеры, якім патрэбны пул нумароў. Яны робяць рассылкі па рэкламе, уступаюць у групы, накручваюць галасы. Таксама гэта могуць быць спецслужбы Беларусі. У іх ёсць доступ да правайдараў і няма праблем, каб перахапіць СМС. Яны могуць пісаць з гэтага нумара меркаваным кантактам чалавека і выдаваць сябе за яго. Могуць таксама ўступаць у закрытыя чаты», — расказвае спецыяліст.

Па яго словах, атрымаўшы доступ да нумара мабільнага тэлефона, можна атрымаць доступ і да перапіскі ў Telegram ці іншым мэсэнджары, калі акаўнт быў да яго прывязаны.

«Калі няма двухфактарнай аўтэнтыфікацыі, то-бок пароля на дадатак да праверкі праз СМС, то можна завалодаць данымі перапіскі. Нейкі час таму Viber не дазваляў ставіць двухфактарную аўтэнтыфікацыю, можна было адразу атрымаць доступ да акаўнта без пароля, толькі праз тэлефон. Цяпер магчымасць двухфактарнай аўтэнтыфікацыі ёсць і ў Viber, і ў Whatsapp. Гэта не параноя, а новая рэальнасць», — кажа суразмоўца.

Двухфактарная аўтэнтыфікацыя не бароніць ад таго, што могуць скарыстацца вашым нумарам, але бароніць ад выцеку даных, кажа эксперт.

Што рабіць, калі вашым нумарам ужо нехта завалодаў

У такім выпадку варта дзейнічаць наступным чынам, расказваюць у супольнасці CyberBeaver.

Як мага хутчэй зайдзіце ў вашы акаўнты, прывязаныя да гэтага нумара праз СМС. Зайдзіце ў актыўныя сесіі і выдаліце незнаёмыя вам прыстасаванні (Налады — Прыватнасць і бяспека — Паказаць усе сеансы).

Пастаўце двухфактарную аўтэнтыфікацыю (Прыватнасць і бяспека — Двухэтапная праверка — Уключыць), калі не зрабілі гэтага раней.

Глядзіце таксама

Перыядычна заходзьце ў ваш акаўнт, каб падтрымліваць яго актыўнасць. Калі вы ўжо не можаце зайсці ў гэты акаўнт, бо хтосьці паставіў там новы пароль, але ў вас ёсць доступ да прывязанай да яго беларускай сім-карты, звярніцеся ў службу падтрымкі Telegram і апішыце сітуацыю.

Таксама эксперты раяць паведаміць сябрам і знаёмым, што трэція асобы могуць пісаць ім з акаўнта, прывязанага да вашага нумара. Людзям, якія заўважылі, што ім пішуць з новага акаўнта, таксама варта верыфікаваць чалавека.

Што рабіць, каб павысіць сваю бяспеку. Парады экспертаў

Адвяжыце акаўнты ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках ад беларускіх нумароў, калі можаце гэта зрабіць. Карыстайцеся двухфактарнай аўтэнтыфікацыяй.

Калі вы за межамі Беларусі і вашы акаўнты ўжо прывязаны да небеларускага нумара — пастаўце двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Прыдумайце складаны пароль.

Калі пры гэтым вы маеце беларускі нумар — стварыце на яго новы акаўнт і пастаўце двухфактарную аўтэнтыфікацыю, каб гэты нумар не маглі выкарыстаць.

Не адказвайце на паведамленні з новых падазроных тэлеграм-акаўнтаў, пакуль не ўпэўніцеся, што гэта ваш знаёмы.