Крымінальная справа па «кветкаваму рабаванню» ў Віцебску зачынена
Следства прыйшло да высновы, што ў дзеяннях жанчыны маюць месца прыкметы правапарушэння, а не крымінальнага злачынства, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па рэгіёне Святлана Сахарава.
— У сілу сваёй малазначнасці вытворчасць папярэдняга следства па крымінальнай справе падлягае спыненню. Для прыцягнення жанчыны да адміністрацыйнай адказнасці матэрыялы перададзены ў органы ўнутраных спраў.
Паводле яе слоў, следчымі прыняты ўсе меры па нівеліраванню канфлікту — аднак жанчына ў катэгарычнай форме адмовілася прызнаць сваё правапарушэнне і тым больш мірыцца з пацярпелым бокам, лічачы свой учынак нормай паводзінаў, піша tut.by.
У сваю чаргу, жанчына, якая зрэзала кветкі на клумбе ў шматпавярхоўкі ў Віцебску, раней распавядала нам, што ў тлумачэнні, дадзеным у міліцыі, паказала, што «абавязваецца гэтай жанчыне [якая напісала заяву] пасадзіць па вясне куст расходніку. Яго кошт на самай справе ад 2,5 да 4 рублёў. Аднак альбо жанчыну не паставілі аб гэтым у вядомасць, альбо гэта яе не задаволіла».
Нагадаем, каля дома № 8 на вуліцы Медыцынскай у Віцебску мама з 15-гадовай дачкой сарвалі з клумбы 25 кветак расходніка віднага. Гэта заўважыла жыхарка першага паверха, пад вокнамі якой усё адбывалася. Жанчына зняла «акт вандалізму» на камеру і напісала заяву ў міліцыю. Пасля праведзенай АУС праверкі матэрыял паступіў з пракуратуры Віцебска ў следства. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце рабавання, здзейсненага групай асобаў.