Крыніцы: Міліцэйскі начальнік Гомеля знаходзіцца пад следствам за перавышэнне паўнамоцтваў
Звольнены начальнік Цэнтральнага РАУС Гомеля Аляксандр Штрапаў. Па інфармацыі, якой дзяліліся раней затрыманыя, у актыўны перыяд пратэстаў ён асабіста збіваў жыхароў горада, паведамляе «Свабода».
Па серадах Штрапаў мусіў праводзіць прыём грамадзянаў — як асабіста, так і на «гарачай лініі». Але на прыём да яго ў сераду людзі не трапілі, і на тэлефанаванні начальнік РАУС не адказваў.
Ягонае прозвішча знікла з графіку асабістых прыёмаў.
Дзяжурны Цэнтральнага РАУС адказвае, што цяпер замест Штрапава прыём грамадзян
праводзіць ягоны намеснік — Аляксандр Малішэўскі.
Ад дзвюх крыніц «Свабода» даведалася, што Штрапаў сапраўды
больш не начальнік аддзелу ўнутраных спраў. «Ён звольнены па асабістым жаданні, знаходзіцца пад следствам за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. А
былыя калегі — міліцыянты, цяпер актыўна пішуць даносы адзін на аднаго, бо шмат
хто ў аддзеле быў замешаны ў перавышэнні паўнамоцтваў», — распавяла крыніца, звязаная з праваахоўнымі органамі.
«У перыяд пратэстаў начальнік і супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС здзекаваліся з людзей, збівалі затрыманых. Пасля гэтага яны адчулі сябе "звышлюдзьмі" і пачалі сваволю — ставілі людзей на "праслухоўку", за грошы злівалі даныя. Гэта называецца "парушалі рэжым сакрэтнасці". Цяпер палова аддзелу — у гістэрыцы, палова піша даносы. Але Штрапаў не ў СІЗА, ён на свабодзе», — распавяла іншая крыніца.