Крысціна Рыхтэр: Я за тое, каб у нас была дзяржава, у якой ёсць свая мова

Якая будзе моўная палітыка ў новай дэмакратычнай Беларусі? Каб беларуская сапраўды стала дзяржаўнай, ці патрэбны прымусовыя меры? Што рабіць з тымі, хто ўсё жыццё размаўляў па-расійску і, магчыма, пры гэтым працаваў на дзяржаўнай службе?

Помнік літары "ў" у Полацку

Помнік літары "ў" у Полацку

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр ужо распавядала пра свой шлях да беларускай мовы, а таксама пра тое, як беларусізаваўся Офіс Святланы Ціханоўскай. 

Далей BGmedia паразмаўляла з Крысцінай пра тое, як яна бачыць моўную палітыку ў новай дэмакратычнай Беларусі.

Чыноўнікі, якія размаўляюць па-беларуску

— Цалкам разумею людзей, якія кажуць, што гэта будзе складана, таму што сама памятаю, як няпроста было пераходзіць на беларускую мову. Але я як юрыстка лічу, што трэба цалкам пераводзіць увесь дзяржаўны дакументаабарот на беларускую мову. А таксама каб чыноўнікі і ўсе людзі на пасадах былі беларускамоўныя. То-бок дзяржаве трэба пачынаць у першую чаргу з сябе. 

Канешне, патрэбны адукацыйныя праграмы ў школах, беларускамоўнае навучанне. Калі ў нас ёсць расійскамоўнае навучанне і толькі нейкія заняткі па беларускай у школе, гэта, канешне, складана. Але трэба разумець, што калі ты не вывучаеш нейкія прадметы на беларускай мове, гэта значыць, што ты іх ведаеш на нейкай іншай мове. Ёсць прадметы, якія я вывучала выключна на англійскай мове. Мне бывае складана пра іх размаўляць нават па-расійску. 

Таму, калі мы кажам пра змяненне стаўлення да беларускай мовы, тады трэба ўсю праграму паступова перавесці на беларускую мову. Але базава — гэта заканадаўчая база на беларускай, дакументаабарот, чыноўнікі, якія размаўляюць па-беларуску. 

Працэс не будзе хуткім, але ён, мне падаецца, можа адбыцца. Калі паглядзець мае раннія інтэрв’ю па-беларуску, яны выглядаюць нейкімі аднабокімі. Калі зараз паглядзець і паслухаць, як я размаўляю, то гэта нашмат больш поўна, афарбавана. Канешне, гэта будзе забіраць час і высілкі.

Я за тое, каб у нас была дзяржава, у якой ёсць свая мова. Гэта цалкам нармальна. Мы бачым, як гэта адбываецца ў іншых краінах. Не бачу перашкодаў для таго, каб выдаткаваць на гэта час, і каб усё атрымалася. 

Глядзіце таксама

Расійская як дадатковая опцыя

— Магчыма, мой праваабарончы досвед дыктуе, што дзяржава ў першую чаргу павінна задаваць тон, а не патрабаваць ад людзей. Калі сказаць: мы з гэтага часу размаўляем толькі беларускай, і не хвалюе, як гэта будзе, — то, канешне, створыцца момант напружання. 

Асабліва я думаю пра людзей больш сталага ўзросту. Калі ўсё жыццё размаўляў расійскай, то гэта неверагодны стрэс. Канешне, трэба ствараць магчымасці, каб людзі маглі нешта вырашаць расійскай, але пакідаць гэта дадатковай опцыяй. Усё астатняе павінна быць на беларускай.

Для прыкладу, я патэлефанавала ў Польшчы ў Офіс па справах замежнікаў. На тэлефоннай лініі можна абраць мову, на якой вы хочаце размаўляць. Ёсць польская, англійская, украінская і беларуская. І далей кажуць, што калі вы абралі такую мову, гэта не гарантуе вам, што вы будзеце размаўляць на гэтай мове. Я датэлефанавалася, і размова ішла на польскай. Для мяне не праблема, проста хацелася гэтую опцыю паспрабаваць. 

Дзяржаўная мова ў краіне ўсё ж такі польская. Астатняе — дадатковыя опцыі, якімі, магчыма, вы зможаце скарыстацца.

Мне не блізкая пазіцыя «забараніць увогуле выкарыстанне расійскай», проста выкрасліць. Для чаго існуе мова ўвогуле? Каб людзі маглі дамовіцца. Калі гэта агульная мова, якую ведаю я і вы, чаму мы не можам ёй карыстацца? Але калі казаць пра дзяржаву, то ўсё ж такі добра, калі ёсць адна мова абароту. 

Канешне, нават насельніцтва Польшчы сталага ўзросту ведае расійскую. Але калі я прыходжу ў краму ў Польшчы, у мяне не ўзнікае пытанне, на якой мове мне звяртацца. Абіраю звяртацца польскай, каб была зразумелай мая думка.

Калі мы кажам, што ў сістэме павінны працаваць беларускамоўныя людзі, гэта не павінна быць адразу абмежаваннем для людзей, якія недастаткова валодаюць беларускай. Тут важна зрабіць усё не мерамі выключэння, бо цалкам расійскамоўныя людзі заўсёды хвалююцца, што іх увогуле выключаць са спраў у дзяржаве. Калі аб’яўляць нейкі конкурс на пасады чыноўнікаў, то можна для тых, хто не валодае дастаткова мовай, рабіць курсы падрыхтоўкі да дзяржаўнай службы, курсы беларускай мовы. Дзяржава павінна імкнуцца падтрымліваць усіх. Тых, хто не валодае, падтрымліваць любымі сродкамі, каб людзі вывучалі. 

Глядзіце таксама

Прымірыць супрацьлеглыя групы

— Часам я чую ў дыскусіях пра нейкую «караючую» функцыю, тыпу «мы адсеем гэтых і ўсё, не прымаем». Гэта няправільна. Пасля дэмакратычных перамен трэба імкнуцца да таго, каб аб’яднаць грамадства. Гэта функцыя дзяржавы — усімі магчымымі спосабамі аб’яднаць вельмі разрозненыя групы.

Я чую, што ў некаторых людзей ёсць такое ўяўленне, што калі дэмакратычныя сілы перамогуць, то тыя, хто на баку рэжыму Лукашэнкі, адразу быццам бы знікнуць з Беларусі. А гэта не так. І нам прыйдзецца ўжывацца ўсім разам на адной тэрыторыі адной краіны.

Таму не можа быць увогуле — ні ў моўных пытаннях, ні ў іншых — радыкальнай пазіцыі: робім толькі так, а другую частку грамадства не бачым. У пераходны перыяд будзе задача максімальна аб’яднаць, прымірыць супрацьлеглыя групы. Улічыць інтарэсы, прыняць захады, каб усім ім дапамагчы жыць нармальна ў грамадстве. 

Зараз гэта адна з фішак рэжыму Лукашэнкі: ёсць наша меркаванне, а ёсць тое, якое мы не заўважаем. Праз гэта ствараецца шмат праблем, і калі мы пойдзем такім жа шляхам, то, на жаль, нічога не атрымаецца. Нельга не заўважаць людзей і іх меркаванні. Гэта проста фундамент усяго.