Ксяндза Аляксандра Барана з Лынтупаў зноў асудзілі да сутак
Стала вядома, што святара Аляксандра Барана асудзілі да 17 сутак арышту паводле народнага артыкула 24.23 КаАП.

Фота catholicnews.by
Пра затрыманне ксяндза паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская Візія». Пакуль няма інфармацыі, за што менавіта судзілі ксяндза.
Нагадаем, святара ў сакавіку ўжо затрымлівалі і асуджалі да 10 сутак. 25 сакавіка на яго складалі пратакол за «незаконнае пікетаванне» па арт. 24.23 КаАП. Пікетаваннем тады палічылі сцягі на аватарцы ў сацсетках: 24 лютага — у дзень пачатку вайны Расіі супраць Украіны — ксёндз размясціў сцяг Украіны і бел-чырвона-белы сцяг.
Праз пару дзён на яго склалі яшчэ адзін пратакол за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) — за «лайкі» ў 2020 годзе пад публікацыямі інфармацыйных каналаў, якія пазней прызналі «экстрэмісцкімі». Зрэшты, у той раз ксёндз адседзеў толькі 8 сутак з 10 — яго выпусцілі напярэдадні Вялікадня.
