Ксёндз Ігар Лашук з камісіі аднаўлення касцёла ў Будславе: «Мінімум $1,5 мільёна і праца на гады»

Роўна тыдзень таму, ранкам 11 траўня, загарэўся дах нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе. Патушыць агонь не ўдавалася некалькі гадзін, у выніку чаго ўся верхняя канструкцыя даху абрынулася на скляпенні.

Ксёндз Ігар Лашук. Гродна, верасень 2020 года

Ксёндз Ігар Лашук. Гродна, верасень 2020 года


Па факце пажару ў Будславе Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле артыкула «Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне» (ч. 2 арт. 304 КК). Максімальнае пакаранне — 3 гады калоніі.

Цяпер адмыслоўцы чысцяць дах, ідзе абследаванне будынка. Вернікі і неабыякавыя людзі збіраюць сродкі на аднаўленне.

Пра першачарговыя задачы ў рэстаўрацыі святыні «Свабода» пагутарыла з ксяндзом Ігарам Лашуком, сябрам спецыяльнай камісіі Каталіцкай царквы ў Беларусі, якая займаецца ліквідацыяй наступстваў пажару. Пробашч парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах з’яўляецца адным з асноўных у краіне святароў, якія спецыялізуюцца ў будаўніцтве і аднаўленні касцёлаў.


«Будынку больш нашкодзіла вада»

— Усё яшчэ ў працэсе ацэньвання. Праз пару дзён будзем ведаць. Але паводле маіх ацэнак, паколькі я будую шмат касцёлаў, то аднаўленне даху можа каштаваць ад 300 да 350 тысяч долараў. Але шмат шкоды касцёлу нанесена вадою. Для сцен гэтая шкода горшая, чым ад самога пажару. Можна сказаць, што будынку больш нашкодзіла вада. Трэба будзе абавязкова рабіць аднаўленне сцен звонку і знутры. Думаю, трэба будзе патраціць сама меней 1,5 мільёна долараў, каб прывесці касцёл у Будславе няхай не ў эксклюзіўны, але ў добры стан.


«Нават без вялікага ўмяшання дзяржавы мы збяром усе сродкі»

— На рахунак касцёла пераведзена ўжо звыш 350 тысяч рублёў, але сабрана значна больш. Справа ў тым, што ў гэтую нядзелю вернікі ва ўсёй Беларусі збіралі грошы ў парафіях, яны будуць перададзеныя ў найбліжэйшы час. Думаю, там будзе не менш. Нават без вялікага ўмяшання дзяржавы мы збяром усе сродкі. Мяркую, шмат сродкаў нам дапамогуць сабраць беларусы замежжа, і Ватыкан дапаможа.

Мы пакуль усё робім самі, без дзяржавы. Не толькі аднаўляем касцёлы, але і будуем новыя. І сродкі на гэта ідуць значна большыя, чым тут. Я ўсё жыццё будую касцёлы, дык я адзін патраціў значна больш сродкаў. Гэта больш зайздрослівае выказванне (Лукашэнкі, які заявіў, што «без дзяржавы ўсё роўна нічога не зробяць»), бо ўсе ж бачаць, што людзі збіраюць — і збіраюць шмат. Напэўна, мы будзем прасіць дзяржаву, каб нас хаця б вызвалілі ад падатку на даданую вартасць. Па законе помнікі архітэктуры вызваляюцца ад ПДВ пры рэстаўрацыі і ПДВ на матэрыялы.

19ae38b5_3d2f_49ca_b1c0_bc4fa28cbd6c_w650_r0_s.jpg


«Калі будзем дзейнічаць павольна, то выдаткаў будзе яшчэ больш»

— Пачынаць неабходна з новага даху. І неадкладна. Бо дажджамі, вадою наробіцца працы яшчэ больш і выдаткаў будзе болей, калі мы будзем дзейнічаць павольна. Вада ж імгненна размывае ўсё навокал. Сцены і так ёю ўжо пашкоджаныя. Трэба аднаўляць старадаўнія фрэскі, а гэта вельмі дорага. Вада магла зайсці паміж тынкам і цэглаю. І ў выніку спатрэбіцца шмат каштоўных матэрыялаў, каб фрэску зноў змацаваць са сцяною. Давядзецца рабіць так званую адсечную гідраізаляцыю, якой няма ў старых будынках. Гэта вельмі дарагі матэрыял. Вада пашкодзіла і падлогу, яе трэба ўсю здымаць. Там усё насычана вадою. Вада проста стаіць у падвале.

За некалькі месяцаў, да восені, варта ўжо зрабіць дах. Гэта магчыма. А рэшта работ будзе працягвацца гадамі. Будслаў жа самы вялікі касцёл у Беларусі.


«Нядаўна рабілі грунтоўны рамонт электрыкі»

— Афіцыйная прычына пакуль невядомая. Усе ў здагадках. Разглядаецца, напрыклад, няспраўнасць электрычнай праводкі. Але справа ў тым, што зусім нядаўна, пару гадоў таму, у Будславе рабілі грунтоўны рамонт электрыкі. І кажуць, што касцёл быў даволі моцна забяспечаны. Але святар што можа пра гэта ведаць? Ён жа не спецыяліст. Нават калі электрыкі нешта зрабілі недобрасумленна, то як ён можа даведацца пра гэта?

Касцёл у Будславе — гэта помнік архітэктуры. Таму па факце заводзіцца крымінальная справа. Будуць шукаць «крайняга». Нават калі ў касцёле ёсць адказны, святар скажам, то ён жа не можа бегаць 24 гадзіны па касцёле і глядзець, ці ўсё ў парадку. Узгаранне пачалося з даху. Хто і што можа тут нешта ведаць?! Гэта вельмі падобна да пажару щ саборы Парыжскай Божай Маці. Там таксама ўсё пачалося з даху. Шмат касцёлаў гарэла і гарыць. І чамусьці вельмі часта гэта пачынаецца з даху.


«Беларус беларусу беларус»

— За перыяд пандэміі беларускія каталікі моцна згуртаваліся. Бяда заўсёды дае такі вынік. Праўда, ёсць жа людзі, якія робяць усё магчымае, каб такога яднання не адбывалася.

Я звяртаюся да ўсіх людзей добрай волі, асабліва беларусаў за мяжой, дапамагчы ў гэтай справе. Я буду маліцца за вас усіх, каб Божая Маці бараніла вас у цяжкую хвіліну, асабліва ў сённяшні складаны час. Мы просім згуртавацца вакол Будслава і аднавіць яго. Гэта наш нацыянальны санктуарый. Вера заўсёды мела асаблівае значэнне ў жыцці нашага народа. Яна нас яднала. Сёння мы з гонарам кажам: «Беларус беларусу беларус», — гэта значыць чалавек заўсёды дапаможа.