"Культурызм" з Віктарам Марціновічам: Турма як асноўны ньюсмейкер
Проста такога ніколі не было. Нават за познімі саветамі, атмасферу якіх я паспеў заспець. Не было такога, каб саджалі і саджалі: сенатараў, дэпутатаў, вытворцаў кураціны і сродкаў абароны раслін, спартыўных менеджараў, айцішнікаў і дзеячаў культуры. Ды як! Яны бяруць адразу па 15 чалавек! І дырэктара, і намесніка, і ўсіх, усіх, усіх! З гісторыі прыгадваюцца толькі 1920-я і 1930-я. Але той час самі ягоныя героі называлі «чырвоным тэрорам». Героі нашага часу кажуць пра «стабільнасць».
Фота з сайта budzma.by
Не засталося такой сацыяльнай групы, якая б не страціла некага ў гэтай бессэнсоўнай вайне невядома каго з невядома з кім. Ператварэнне астрогу ў галоўнага пастаўшчыка навін рубрыкі «Грамадства» адбывалася паступова.
Ну, вы прыгадваеце, як гэта было дзесяць ці дваццаць гадоў таму. Адзінкавыя арышты, якія на доўгі час каламуцілі грамадству розум.
Памятаеце, як у 1997-м замкнулі кайданкі на міністры сельскай гаспадаркі Васілю Лявонаву — проста ў ягоным працоўным кабінеце! І гэтую гісторыю чынавенства пераказвала свісцячым шэптам яшчэ некалькі гадоў, настолькі яна была адметная для этычных практык спакойнай Беларусі. Бандажэўскі, Чыгір у 1999-м — усё гэта было нязвыкла, турбавала, пужала сваёй нелагічнасцю. А затрыманне кіраўніка МТЗ Міхаіла Лявонава ў 2002-м! Яго нібыта «перахапілі» па дарозе ў Маскву, у цягніку: ён, маўляў, таксама спрабаваў збегчы, хай сабе і не на хуткасці 220 км/г! Ці арышт Жураўковай у 2004-м?
Мінулыя дзесяцігоддзі прайшлі пад знакам выключнасці затрыманняў: арышты самі па сабе нас хутка перасталі здзіўляць, але мы прынамсі маглі запомніць прозвішчы.
Гісторыя з айцішнікам Віктарам Пракапенем, па якога прыйшлі ўсяго толькі год таму, — пры ўсім сваім дзікунстве, ужо амаль забылася, настолькі спрытна працуе сёння канвеер па вытворчасці судовых трагедый.
І ведаеце, я таксама не хачу кпіць з затрымання Чыжа, бо ён — адзін з акцёраў той драмы, якая яшчэ зусім нядаўна нагадвала трагікамедыю, а цяпер па сваім уздзеянні хутчэй ператварылася ў трылер. З намі, кожным з нас, у ролі патэнцыйнай ахвяры. Я не разумею, навошта трымаць пад вартай легендарнага рэдактара «Прэсбола» Уладзіміра Беражкова, які быў настолькі аптымістам, што пагадзіўся ўвайсці ў беларускі спорт у якасці менеджара. Як і не разумею, у чым дакладна вінаваты «дзядзька Валодзя».
Яўген Баскін і «Сэрвалюкс» (15 чалавек), сенатар Андрэй Паўлоўскі, «Консул», і браты Гільманы (справы нібыта заведзеныя на 13 чалавек), Ганна Шарэйка і ЗАТ «Даймас» (фігуранты — 7 чалавек), «Франдэса» — стужка навін цяпер на траціну складаецца з інфармацыі пра затрыманні ды суды. Пра СССР казалі: кожны пяты сядзіць, усе астатнія вартуюць. Сёння ў Беларусі так: адна чвэрць сядзіць, адна — пільнуе і судзіць, адна — баіцца і чакае, адна — выйшла і ўжо зноў кіруе. Як зазначыў адзін дасведчаны чалавек, прычына, з якой яны ўзялі моду размяркоўваць у кіраўніцтва гаспадарак былых асуджаных па гаспадарчых справах, у тым, што яны дастаткова выхаваны турмой. На ўсё гатовыя.
Такім чынам, у краіне, якая некалі дала Усходняй Еўропе Статут ВКЛ — то бок ідэю пра тое, што людзей можна асуджаць толькі на падставе фіксаванага пераліку правіл, — пачынаецца нейкае Сярэднявечча, апрычніна.
Раней можна было казаць пра занадта жорсткае пакаранне за нязначныя злачынствы. Цяпер жа ёсць толькі пакаранне ды «прэскрыпцыйныя спісы», як было некалі ў Рыме. Злачынства прыдумляецца на хаду. А як не прыдумляецца — у прысуд запісваецца нейкая няўцямная тарабаршчына.
І ладна б народ праз крызіс стаў больш жорсткім і патрабуе відовішчаў. Але гэты разгул інквізіцыі, гэтае паляванне на ведзьмакоў, прыкметна не ўхваляюцца грамадствам. На тутбаеўскім форуме пад артыкулам пра асуджэнне на 5 (!) гадоў купалаўца Арцёма Бародзіча за захоўванне (збыт не даказаны!) марыхуаны (не спайсаў!) — каментар«Чалавек нікому нічога не зрабіў дрэннага. Нічога не скраў, не забіў, не пакрыўдзіў нікога. За што ў турму?»атрымлівае 164 лайкі. Супраць каментара «Мала далі. Выйдзе і зноў будзе» выказваецца 151 карыстальнік — меркаванне гледачоў па гэтай ды іншым «гучных» справах, акрамя хіба што справы Чыжа, вельмі лёгка адчуць.
Кожны жыхар М’янмы мусіць два разы за жыццё, у дзяцінстве і ў сталым веку, выправіцца ў манастыр на некалькі тыдняў. Жыць з манахамі, есці толькі тое, што дадуць, медытаваць, адмовіцца ад усіх асабістых рэчаў. Праз тое м’янманскае грамадства прасякнутае сімпатыяй да манахаў-будыстаў — ім заўсёды дапамагаюць ежай, фруктамі і нават… цыгарэтамі! Усе разумеюць, што самі там будуць, у манастыры. А калі ўжо адбылі «абодва тэрміны», дык будуць там дзеткі, унукі і г. д. Турма цяпер у беларускім грамадстве — такі ж «выхаваўчы інстытут», як м’янманскі манастыр. Чым больш незразумелых па сваёй лютасці прысудаў, чым большае адчуванне таго, што гэта не беларусы асуджаюць беларусаў, але ў краіну прыйшла нейкая знешняя сіла, якая навязала тут свае «паняцці» і будзе правіць вечна — дык вось, тым большае спачуванне да «манахаў», тым большая эмпатыя. Тым меней ухвалы тым, хто вартуе ці судзіць. Нават калі тыя зацятыя тэатралы.
Кейс з філосафам Уладзімірам Мацкевічам толькі дадае карцінцы рэзкасці. Мацкевіча не было ў краіне, але два амапаўцы і адзін участковы засведчылі на працэсе, што быў і «актыўна ўдзельнічаў» у мітынгу. Мацкевіч паказаў пячаткі ў пашпарце. Пасля адкладання справы ён выказаў вельмі ёмістую думку: «Штодзённасць ілжы ў судах у камплекце са смяротным пакараннем — гэта поўны трындзец». І вось неяк адразу прыгадалася пра ўсё: пра аднарукіх, асуджаных за плясканне ў далоні, пра нямых, што атрымалі прысуды за «выкрыкванне антыдзяржаўных лозунгаў».
Паўтаруся, грамадства ішло да гэтай аблогі павольна. Тыя, хто пільнуе і судзіць, спачатку натрэніраваліся на «апазіцыі». Цяпер яны — гэтаксама масава, як было пасля плошчы ў 2010-м, — перайшлі да іншых сацыяльных груп. Уключна з акцёрамі-купалаўцамі.
Мэсідж вельмі зразумелы. Нас спрабуюць узгадаваць і выхаваць. Зрабіць «добранадзейнымі грамадзянамі». Цяпер у турмы ўжо прыкладна той статус, што быў некалі ў службы ў войску. Маўляў, кожны сапраўдны мужчына мусіць. Турма ў сваёй «павучальнай ролі» пачынае апярэджваць царкву і школу. Тыя нам кажуць пра суд нябесны, вертухаі ж пужаюць уласным судом, маўляў, для цябе, паважаны грамадзянін, ужо падрыхтаванае месца на лаве падсудных. Толькі вось чарга падыдзе.
І я ведаю, што вы адчуеце, прачытаўшы гэты тэкст. Пісьменнік гугніць, бы некалі Уладзімір Караленка пра мукамолаў у «Шасці лістах без адказу»; аўтар бачыць усё ў чорным колеры, ну, затрымалі там нейкіх бізнесоўцаў, акцёраў, чыноўнікаў, хай сабе іх лік ужо ідзе на дзясяткі, дык мне што? Але перачытайце цытату з Мацкевіча. Перачытайце яшчэ раз.
Турма не мусіць рабіць тое, што павінныя рабіць царква і школа. Турма не мусіць быць асноўным ньюсмейкерам у краіне. Страх — дрэнны настаўнік. Прынамсі, не ілгаць ён дакладна не навучыць.