Лідар гурта «Дай дарогу!» Юрый Стыльскі на волі
Рок-музыку выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста сёння а 16-й. Сустракалі Юрыя сябры і ваш карэспандэнт: падыйшоў акурат да часу і нават паспеў папрасіць службоўцаў ізалятара абыходзіцца з Юрыем як мага больш абярэжна, а найлепш адпусціць.

Аргумент для таго быў важкі: пасля ўчорашняга дваццацітысячнага шэсця берасцейцаў па вуліцах горада сёння на цэнтральным пляцы стаяла ці не ў два разы больш.

Аўтар хіта апошніх дзён “Баю-бай” распавёў, што абыходзіліся з ім карэктна. Затрымалі пасля маршу ўчора, а зрання прыйшлі двое следчых. Доўга распавядалі пра шкоду ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, а потым спаслаліся на заступніцтва старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука і загадалі выпусціць.

Засталіся ў сутарэннях, дзе месціцца тутэйшы ізалятар, яшчэ двое сяброў, два Дзмітрыя, затрыманыя разам са Стыльскім. Прозвішча аднаго з іх Шаш. "Трэба быць паслядоўнымі і адпусціць усіх", — сказаў Юрый.

На мітынгу пра Стыльскага ведалі. Атрымалася пабачыць сям’ю з трох чалавек. Тата нёс на плячах дзяўчынку з плакатам “Адпусціце дзядзю Юру”.