Лідар вулічных мастакоў Алег Ларычаў затрыманы
Алег Ларычаў затрыманы. Сёння, 28 красавіка, яго будуць судзіць за "дробнае хуліганства". Пра гэта паведаміла яго дзяўчына Ганна.
Паплечнікі каардынатара суполкі вулічных мастакоў Street art Алега Ларычава паведамілі пра яго знікненне. Прыкладна а 1-й гадзіне ўночы на 27 красавіка Ларычаў выйшаў з кругласуткавай піцэрыі ў раёне станцыі метро "Інстытут культуры". Разам з ім быў незалежны аналітык Сяргей Чалы. Сябры развіталіся, і з таго часу Ларычава ніхто не бачыў.
Тэлефон актывіста недасяжны. Свой профіль "ВКонтакте" ён праглядаў апошні раз удзень 26 красавіка.
Як інфармуе партал tut.by, Ларычаў затрыманы, у пятніцу яго будуць судзіць за "дробнае хуліганства" (у судзе Цэнтральнага раёна Мінска). Пра гэта паведаміла яго дзяўчына Ганна.
Суполка Ларычава Street art першай паведамляе пра вострыя графіці на сацыяльную тэматыку, якія другі месяц з'яўляюцца на мінскіх сценах. Героямі невядомых мастакоў сталі колішняя міністр працы Марыянна Шчоткіна, колішні прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч (яго выявілі ў форме НКУС, якую ён апрануў на Парад Перамогі), кіраўнік мінскага АМАП Дзмітрый Балаба, міністр інфармацыі Лілія Ананіч і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Побач з партрэтамі чыноўнікаў змешчаныя іх выказванні: Шчоткіна "прыдумала падатак на дармаедства", а Давыдзька "прапануе забараніць каментары ў інтэрнэце".
4 красавіка двое невядомых моцна збілі Алега Ларычава ў пад'ездзе шматкватэрнага дома, дзе ён жыве. "Для мяне асабіста гэты напад застаецца загадкай. Спрабую зразумець — і не магу зразумець, — сказаў тады Ларычаў у інтэрв'ю Еўрарадыё. — Але я асабіста збіраюся рабіць больш. Гэта такі мне быў пінок пад зад, што час не толькі займацца інфармацыйнай працай у інтэрнэце, але і падумаць пра новыя муралы".