Літоўскія навукоўцы шукаюць сваякоў Кастуся Каліноўскага

Вучоныя шукаюць генетычны матэрыял ад сваякоў Каліноўскага з мэтай параўнання генатыпу.

Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі


Літоўскія навукоўцы, якія даследуюць выяўленыя на віленскай Замкавай гары парэшткі паўстанцаў 1863 году, пры дапамозе генетычнага аналізу стараюцца ўстанавіць, якія з іх – парэшткі Кастуся Каліноўскага. Цяпер вядзецца пошук генетычнага матэрыялу ад сваякоў Каліноўскага з мэтай параўнання генатыпу, расказаў прафесар Рымантас Янкаўскас. Пра гэта паведамляе Польскае агенцтва друку.
Прафесар сказаў, што ў Беларусі пахаваны брат Кастуся, але, паводле Янкаўскаса, афіцыйны Мінск «хутчэй за ўсё не дасць дазволу на эксгумацыю», таму навукоўцам прыходзіцца шукаць іншых сваякоў паўстанцкага правадыра.
У 2017 годзе на Замкавай гары, якую таксама называюць гарой Гедыміна, былі выяўленыя парэшткі паўстанцаў 1863 году. Сярод іншага, па фамільнаму пярсцёнку ўдалося ўстанавіць, што на гары пахаваны Зыгмунт Серакоўскі – адзін з лідараў збройнага чыну.
У 1863-1864 гадах на гары Гедыміна царскія ўлады ў таямніцы пахавалі пакаранага смерцю 21 паўстанца. У мінулым годзе былі выяўленыя парэшткі 17 чалавек. Сёлета працы на гары працягнуцца – іх пачатак запланаваны на першую палову чэрвеня.
Перапахаванне паўстанцаў адбудзецца хутчэй за ўсё ў 2019 годзе.
Паводле Беларускай службы Польскага радыё