Леанід Судаленка: я знайду інтэрнэт-паклёпнікаў

19 чэрвеня  суддзя суду Чыгуначнага раёну Гомеля Анатоль Сотнікаў задаволіў скаргу Леаніда Судаленка на пастанову Чыгуначнага РАУС аб спыненні адміністрацыйнай справы, па якой праваабаронца просіць міліцыю правесці расследванне і выявіць асоб, якія на старонках інтэрнет-сайту здзейсняюць абразу і паклёп у дачыненні да яго і актывістаў гомельскага рэгіёну.



sudalienka_dp.jpg

Леанід Судаленка, актывіст кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

Падставай для скаргі праваабаронцы паслужыў змешчаны на сайце gomelbest.com матэрыял паклёпніцкага і ганьбячага зместу ў адносінах да непасрэдна спадара Судаленкі пад назваю “Гомельскі абаронца забойц”.

Зневажаючы гонар і годнасць праваабаронцы ў сувязі з абаронай ім праз ААН жыхара Гомеля, асуджанага да смяртнага пакарання, невядомыя напісалі, быццам бы ён за сваю дзейнасць атрымлівае неймаверныя ганарары ад замежных спонсараў. Актывістаў, якіх абараняе спадар Судаленка паклёпнікі назвалі вар’ятамі і правакатарамі, абвінавацілі ў тым, што ён “з упартасцю барана падае заведама няправільна запоўненыя заявы на правядзенне масавых мерапрыемстваў у падтрымку эканамічнага злачынца А.Бяляцкага”.

Судаленка звярнуўся да начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама з заявай наконт таго, што сайт публікуе не адпаведаючаю рэчаіснасці інфармацыю, якая прыніжае яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Заяву праваабронцы Гомельскае ўпраўленне міліцыі пераадрасавала Чыгуначнаму райаддзелу, бо палічыла, што “гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Гомельскага аблвыканкама”.

У Чыгуначным РАУС адміністратыўную справу пра паклёп наогул не сталі распачынаць, бо не ўбачылі складу адміністратыўнага правапарушэння.

Адначасова з райаддзела паведамілі, што вышэйзгаданы сайт зарэгістраваны з IP-адраса, які знаходзіцца ў дыяпазоне адрасоў, што тэрытарыяльна належаць інтэрнэт-правайдару ў Нідэрландах. А фактычны ўладальнік сайта – у Лондане.

У сеціве згаданы сайт існуе ўжо больш за сем гадоў і сістэматычна размяшчае матэрыялы, якія ў негатыўным святле распавядаюць пра дзейнасць палітычных і грамадскіх актывістаў Гомельскага рэгіёна. На зварот аднаго з абражаных гомельская міліцыя некалькі гадоў таму паведамляла, што сайт зарэгістраваны ў Санкт-Пецярбургу.  

Леанід Судаленка лічыць, што ў супрацоўнікаў міліцыі ёсць тэхнічная магчымасць высветліць ІР-адрас рэдакцыі сайта, якая з’яўляецца яго адміністратарам на тэрыторыі Беларусі і кажа, што абавязкова знойдзе інтэрнэт-паклёпнікаў.

gomelspring.orgspring96.org