Суд над Веранікай Себасцьяновіч спынены, канфіскаваны тавар застаецца на мытні
Суд над старшынёй ветэранскай арганізацыі Арміі Краёвай Веранікай Себасцьяновіч спынены.

Суддзя Тацяна Гергель сваім рашэннем пастанавіла, што пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне Себасцьяновіч і матэрыялы да яго трэба вярнуць гарадзенскай рэгіянальнай мытні для выпраўлення недахопаў, што выяўлены судом.
Кажа Вераніка Себасцьяновіч:
—Відаць, пайшло на справядлівасць, бо весці дыскусію няма з чаго. Няма дакументаў, каб пакараць мяне. Магчыма, разбяруцца – я так лічу. Калі яны пратрымаюць прадукты яшчэ паўгады, дык дакладна можа скончыцца тэрмін іх прыгоднасці. Але яны не з таго пачалі: калі сказалі, што забралі пратэрмінаваня прадукты, то трэба было гэта аформіць.
Так адказала Вераніка Себасцьяновіч на закід мытні пра пратэрмінаваныя харчы, якія нібыта былі ў пачках. Паводле абароны суд завершаны, а вось канфіскаваныя пачкі для ветэранаў застаюцца ў мытні.
* * *
Працэс Веранікі Себасьцяновіч — гэта анты-польская акцыя, лічыць дырэктар Інстытута Нацыянальнай Памяці Польшчы Лукаш Каміньскі. У Гародні прайшло судовае пасяджэнне ў справе старшыні аб’яднання жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі. Яе абвінавачваюць у кантрабандзе пасылак ветэранам АК.
На судовым пасяджэнні прысутнічай і гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў:
—Як толькі пачаўся працэс, у мяне ўзнікла ўражанне, што абвінавачанні адны, а працэс – зусім на іншую тэму. Нібыта зусім іншае хацелася выцягнуць, нібыта нешта зусім іншае высвятлялася: як каробкі заклеіваліся? Суд такім чынам зацягваецца.
Прыгадаем, што ў Веранікі Себасцьяновіч у яе доме ў Скідалі ў красавіку канфіскавалі пачкі з падарункамі для ветэранаў Арміі Краёвай. Саму жанчыну, якая мае 83 гады, абвінавачваюць у кантрабандзе. Працяг суда 20 чэрвеня.
* * *
17 чэрвеня — працяг суда над старшынёй арганізацыі ветэранаў Арміі Краёвай Веранікі Себасцьяновіч у Гародні. Жанчыну вінавацяць у тым, што яна сёлета ў красавіку збірала тавар, што быў прывезены з Польшчы нелегальна. Насамрэч, як цвердзіць Вераніка Себасцьяновіч, — гэта быў не тавар, а падарункі для сябраў арганізацыі на Вялікдзень:
—І за гэтыя макароны яны мянець цягаюць у суд! Я іх не вазіла. Прывёз аўтобус кансулята. Яго ўжо чакалі. Гэтыя каробкі паразразалі, відаць шукалі аўтаматы “калашнікава”. Але так нічога і не знайшлі—толькі макароны, алей і слодычы. Забралі ўсё. Гэтыя людзі непрадказальныя.
На судовым пасяджэнні, якое вяла суддзя Таццяна Гергель, заслухалі сведак — супрацоўніка мытні, панятых і шафёра. Наступнае пасяджэнне пройдзе 20-га чэрвеня з выкліку наступных сведак у гэтай справе.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя