Людзі засталіся без працы

У сярэдзіне снежня мінулага года філіял № 701 ААТ «ААБ Беларусбанк» у гарадскім пасёлку Бялынічы быў далучаны да філіяла № 718 ААТ «ААБ Беларусбанк» у Магілёве і ператвораны ў цэнтр банкаўскіх паслуг.

У сярэдзіне снежня мінулага года філіял № 701 ААТ «ААБ Беларусбанк» у гарадскім пасёлку Бялынічы быў далучаны да філіяла № 718 ААТ «ААБ Беларусбанк» у Магілёве і ператвораны ў цэнтр банкаўскіх паслуг.
У выніку рэарганізацыі, якая адбылася згодна рашэння Назіральнага савета ААТ «ААБ Беларусбанк», без працы ўжо засталося дванаццаць чалавек з персаналу банка, бо непатрэбнымі апынуліся цэлыя аддзелы гэтай установы. Па словах супрацоўнікаў, у бліжэйшы час будуць звольненыя ў сувязі са скарачэннем штату яшчэ чатыры чалавекі.
Такі вось сумны падарунак людзі атрымалі да Новага года.
У сувязі з далучэннем да Магілёўскага філіяла № 718 на працягу некалькіх дзён фактычна не працавалі ашчадныя касы ў вясковых населеных пунктах нашага раёна. Людзі не маглі заплаціць камунальныя плацяжы, зняць грошы з банкаўскага рахунка, абмяняць валюту. Як тлумачылі самі супрацоўнікі аддзяленняў, затрымкі адбыліся ў выніку таго, што кампутары не адразу змаглі перавесці на новае праграмнае забеспячэнне.
Нагадаю, што крыху раней у раённай газеце «Зара над Друццю» быў змешчаны артыкул «Няма падстаў для хваляванняў», у якім дырэктар філіяла № 701 Святлана Арахоўская паведамляла, што праблем у сувязі з рэарганізацыяй не будзе.
Не думаю, што так лічаць звольненыя з працы людзі, многія з якіх адпрацавалі ў банку шмат гадоў. Якраз у іх і з’явяцца вялікія праблемы і падставы для хвалявання, бо знайсці якую-небудзь працу з прыстойным заробкам у Бялынічах вельмі цяжка. Гэта толькі наша вельмі аб’ектыўная статыстыка паведамляе, што беспрацоўе ў гарадскім пасёлку імкліва набліжаецца да нуля...

Іван Барысаў