«Людзі хочуць мець штосьці сваё, роднае». Беларус адкрыў студыю нацыянальнага тату ў Варшаве

Віктар Цыркуновіч — вядомы беларускі спецыяліст у справе тату. Займацца гэтым мастацтвам пачаў у 2000-х — а зараз да яго звяртаюцца як да высакакласнага татуажыста і беларусы, і палякі. Аб ідэі нацыянальнага тату і развіцці беларускасці ў Польшчы з Віктарам паразмаўляў журналіст выдання «MOST».

Фота з асабістага архіва Віктара Цыркуновіча

Фота з асабістага архіва Віктара Цыркуновіча

Віктар родам з Беразіно (Мінская вобласць). Свой шлях як тату-майстар ён пачынаў у пачатку 2000-х і адразу з нацыянальнай тэматыкі. У 2021 годзе ён вымушаны быў з’ехаць з Беларусі і пачаў працаваць у Варшаве.

— Як усё пачыналася?

— У Беларусі напачатку было як: прыходзяць да мяне хлопцы, дзяўчаты і кажуць: «набі штосьці» — а я ім і прапаноўваю беларускую тэматыку. Дарэчы, арнаментам, сімваламі і агульнай нашай спадчынай, культурай ды гісторыяй я заўсёды вельмі цікавіўся, а моладзі было ўсё роўна, што «біць».

Арнаменты людзям падабаліся. Пачало прыходзіць усё больш і больш жадаючых зрабіць сабе штосьці беларускае. Спачатку гэта была «татуіроўка дзеля татуіроўкі»: людзі прыносілі зусім невялікія грошы, прасілі штосьці зрабіць, я прапаноўваў розныя варыянты — і такім чынам набіраўся досведу, пашыраў прафесійныя магчымасці. З часам пачаў рабіць і больш складаныя, шматкаляровыя «малюнкі» — «Пагоні», сцягі і іншае. У выніку з’явілася ідэя зрабіць студыю, арыентаваную менавіта на нацыянальную татуіроўку.

— Калі ў цябе з’явіўся ўласны паўнавартасны салон?

— Сваю студыю я адкрыў у 2019 годзе. У якасці назвы абраў «1863». Само адкрыццё, шчыра кажучы, не было вельмі складаным. Нягледзячы на тое, што Беразіно — раённы цэнтр, там было даволі шмат прапаноў арэнды памяшканняў. З падаткамі ў мяне таксама праблем не было, бо з дзесяць гадоў перад адкрыццём студыі я займаўся рознымі камерцыйнымі справамі, і ІП у мяне існавала. Канечне, былі некаторыя бюракратычныя моманты, але іх мы паспяхова вырашылі, і студыя пачала працаваць.

Дарэчы, я таксама маю адукацыю ў справе тату, нават дыплом дзяржаўнага ўзору. Ужо будучы даволі дасведчаным тату-майстрам, я прыйшоў у школу татуажыстаў ад кампаніі «Дрэва Ведаў». Цікавостка ў тым, што гэтая фірма ва ўсіх сваіх школах выдае дыпломы, афіцыйна прызнаныя на дзяржаўным узроўні — гэта не сертыфікат аб скончаных курсах. На падставе гэтага дыплома я змог адкрыць школу татуажу пры студыі, якая была беларускамоўнай.

— Якія былі найбольш незвычайныя і цікавыя сітуацыі?

— У 2020 годзе, яшчэ перад пачаткам пратэстаў, мне патэлефанаваў хлопец — гаварыў вельмі тэзісна і канкрэтна. Казаў, што хоча зрабіць на плячы «Пагоню». Дамовіліся. Прыходзіць высокі, атлетычнага выгляду малады чалавек з паголенай галавой — я пачаў падазраваць, што ён можа працаваць у адпаведных структурах.

Ну, пачынаю рабіць тату. Увесь час хлопец спрабаваў размаўляць аб беларускай уладзе, становішчы ў грамадстве і ў выніку аб «пакаяўшымся беркуце» ва Украіне. Я спыніў працу, адклаў прыборы і кажу: «А зараз так: ты мне распавядаеш усю праўду як ёсць — хто ты, адкуль і навошта табе «Пагоня». А калі не, то я намалюю табе такое, што аніводны майстар не выправіць!» Хлопец і выклаў, што з’яўляецца амапаўцам, ведае, што будзе ў жніўні, і хоча звольніцца. Але ў звальненні ўвесь час яму адмаўляюць. Кажа: «Мабыць, праз «Пагоню» на плячы звольняць…» Дарабіў я «Пагоню» — і больш ніколі гэтага хлопца не бачыў. Як склаўся яго лёс — невядома.


Фота з асабістага архіва Віктара Цыркуновіча

Фота з асабістага архіва Віктара Цыркуновіча

— Вось дык гісторыя!

— Так, даволі незвычайная. Яшчэ аднойчы прыйшоў іншы хлопец — «біць» нейкія свае выявы. Я тлумачыў, што студыя ў мяне арыентавана на беларускую нацыянальную тэматыку, але яму вельмі падабалася, як я раблю тату. Ну, зрабіў яму татуіроўку, усё прайшло добра. Але праз нейкі час тэлефануе мне сябра і кажа, што бачыў гэтага хлопца ў горадзе на праўладным мерапрыемстве. Мне стала вельмі брыдка, і я вырашыў, што нагі гэтага хлопца не будзе ў маёй студыі.

Прайшоў яшчэ час, і тэлефануе мне зноў гэты хлопец: хоча зрабіць нешта яшчэ, яму вельмі спадабалася. Я кажу: «Не, больш нічога не зраблю, шукай іншага майстра». І абгрунтоўваю прычыну адмовы. Вытлумачыў яму свае перакананні, светапогляд і тое, што адбываецца ў нашай краіне. Хлопец здзівіўся, пачаў выбачацца, казаў, што «больш ніколі такога рабіць не будзе». У выніку я выставіў умову: я раблю яму «Пагоню». Хлопец згадзіўся. Пасля гэтага я сачыў за ім у сацсетках, і сапраўды — на аніводным дзяржаўным мерапрыемстве яго не было. Спадзяюся, ён змяніў свае палітычныя перакананні і пачаў штосьці аналізаваць: хлопец даволі малады быў, гадоў дваццаці.

— Як ты апынуўся ў Польшчы?

— На жаль, палітычная сітуацыя склалася так, як склалася, і існаванне студыі з нацыянальнай тэматыкай у Беларусі перастала быць магчымым. Заставацца ў краіне стала банальна небяспечна, таму было вырашана пераязджаць у Польшчу. Такім чынам 1 траўня 2021 года студыя працягнула дзейнасць у Варшаве.

— Інтарэс у людзей адразу быў высокі?

— Справа хутка пайшла ўгару — вельмі дапамагла і рэклама ў instagram, і распаўсюджанне інфармацыі аб адкрыцці сярод знаёмых. Акрамя беларусаў, прыходзілі і ўкраінцы, і палякі — вельмі ветлівыя і зацікаўленыя тэмай Беларусі, беларусаў і супольнай гісторыі ў кантэксце Рэчы Паспалітай. Людзі прасілі рабіць і нейкія свае выявы, і сучасныя, але галоўнай заставалася, канечне, беларуская тэматыка. Сярод кліентаў былі нават вядомыя беларускія музыкі. Школа татуажу таксама дзейнічала пры салоне — мы вучылі і выпускалі спецыялістаў. Людзі паступова прыходзілі, справа ішла і агульна ўсё было вельмі файна.

Складанасцей не было?

— На жаль, праз год працы з’явіліся пэўныя складанасці і праблемы з арэндадаўцам памяшкання, у выніку якіх мы былі вымушаны сысці. Студыя перанеслася ў мой дом — і дагэтуль я працую ў сябе, а людзі працягваюць прыходзіць. Усе матэрыялы, стэрыльныя прыборы, а таксама фарбы апошняга еўрапейскага стандарту 2021 года без праблем замаўляю ў спецыялізаваных тату-крамах і салонах. Справа працягваецца!

— Твае бліжэйшыя планы?

— У маіх бліжэйшых планах зноў знайсці памяшканне і аднавіць паўнавартасны салон са школай. Вельмі рады, што агульная зацікаўленасць нацыянальнай беларускай тэматыкай павышаецца — людзі хочуць мець выяву чагосьці роднага на сваім целе. Што датычыцца працы татуіроўшчыка, то яна са мной, здаецца, назаўжды, бо без гэтага я не ўяўляю свайго жыцця.