Людзі, якіх КДБ нібыта арыштаваў за рэгістрацыю ў чат-боце палка Каліноўскага, ніколі туды не пісалі

Полк Каліноўскага пракаментаваў затрыманне пяці беларусаў, якія, паводле версіі КДБ, хацелі да іх патрапіць.

Намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак. Скрыншот праграмы СТВ

Намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак. Скрыншот праграмы СТВ

У аўторак, 8 лістапада, у эфіры тэлеканала СТВ заявілі, што КДБ правярае пецярых беларусаў наконт іх супрацоўніцтва з замежнымі спецслужбамі. Паводле дзяржаўнага канала, іх затрымалі за рэгістрацыю ў чат-боце палка Каліноўскага. Пра гэта распавёў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак.

Затрыманыя — 25-гадовы Аляксандр Бялееўскі з Магілёўскай вобласці, мінчук Юрый Палітыка, 29-гадовы Аляксей Калібаба, Уладзіслаў Даўетас і Яўген Уладзіміраў з Жодзіна.

Полк пракаментаваў гэтую інфармацыю, піша «Л*стэрка».

— Згаданыя людзі не пакідалі свае даныя ў чат-боце палка, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні палка. Каліноўцы папярэджваюць пра захаванне правіл бяспекі пры выкарыстанні тэлеграм-ботаў.

«Палонныя» відэа з затрыманымі паказалі ў перадачы Рыгора Азаронка «Таемныя спружыны палітыкі». Прапагандыст падкрэсліў, што «ўсіх іх бралі брутальна, калі хочаце — жорстка».



Нагадаем, нядаўна адбыліся шматлікія арышты людзей, якія паверылі, што план Перамога ўжо пачаў працаваць. На гэты конт Аляксандр Азараў яшчэ раз папярэдзіў беларусаў: «Трэба заўсёды правяраць крыніцы, з якіх вы атрымалі паведамленні, на вас выйшлі нейкія людзі ці прыйшла інфармацыя, то трэба абавязкова яе праверыць, што прыйшло ад нас. Трэба паглядзець, знайсці наш арыгінальны канал. Там будуць усе спасылкі, трэба праверыць, каб кожная літара супадала. Фэйкавыя боты і тэлеграм-каналы ствараюцца спецслужбамі Беларусі, напрыклад, замяняюць адну літару. Трэба, каб усё супадала».