Лукашэнка прыбірае з атачэння небеларусаў

У беларускім сілавым блоку Юрый Жадобін перабраў бадай усе пасады. Працаваў у МУС, Службе бяспекі прэзідэнта, КДБ, Міністэрства абароны ўзначальваў апошнія пяць гадоў.



zrzutart_jpg.jpg

Днямі Жадобін выступаў з дакладам у Сувораўскай вучэльні. Прамова была прысвечаная ідэалагічнаму падмурку беларускага войска. Даклад стаўся апошнім публічным выступам ужо былога міністра. Напэўна, сам таго не жадаючы, Жадобін раскрыў механізм гібрыднай вайны, якую Расея вядзе ва Украіне.

Юрый Жадобін, былы міністр Абароны:

«Вайна як такая не сышла ў мінулае, у новых войнах спачатку трансфармуецца свядомасць грамадзянаў і яны адмаўляюцца ад сваёй гісторыі, а пасля ідуць коўдравыя бамбаванні, гінуць сотні тысячаў людзей, разбураюцца дзяржавы. Прыкладаў багата ў дальнім замежжы, а цяпер ужо і ў бліжнім».

Нагодаў для адстаўкі Жадобіна заўсёды было дастаткова. Толькі цягам апошніх месяцаў у вайсковай авіяцыі адбыліся дзве катастрофы з удзелам самалётаў Міг-29 і Су-25. Але можна яшчэ ўзгадаць і плюшавы дэсант, і самагубствы ў войску. Але ўсё ж вайсковыя эксперты адстаўку Жадобіна звязваюць не з гэтым. Паводле неафіцыйных звестак, кіраўнік краіны быў незадаволены тэмпамі мадэрнізацыі беларускага войска. Пра неабходнасць рэформы ў войску Лукашэнка казаў яшчэ 2 гады таму.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік краіны (лістапад 2012):

«Трэба яшчэ раз паглядзець на нашу армію і прыняць рашэнне ў напрамку яе, можа быць, нt мадэрнізацыі, а ўдасканалення, каб мы не пайшлі не тым шляхам (таму што гэта вялікія выдаткі), а стваралі армію адпаведна тым выклікам, якія сёння існуюць».

За час кіравання Жадобіным ваенным ведамствам Расея зноўку вярнула ў Беларусь свае вайсковыя базы. І гэта хіба самае знакавае «дасягненне» былога міністра абароны. Праваабаронца Алег Волчак звязвае адстаўку Юрыя Жадобіна з блізкаю прэзідэнцкаю кампаніяй і называе гэта тактычным ходам.

Алег Волчак, былы следчы, праваабаронца:

«Пасля Украіны, найхутчэй, Лукашэнка будзе прыбіраць з атачэння людзей, хто не беларус. Жодобін нарадзіўся ва Украіне, вучыўся ў тым ліку ў Маскве. Магчыма напярэдадні выбараў патрэбны больш надзейны чалавек, беларус. Праваабаронцы не раз казалі, што «здаць» можа блізкае атачэнне, вайскоўцы».

Што да новага міністра, то асаблівая ўвага будзе не толькі на ягоны паслужны спіс, але і на месца нараджэння ды навучання. Чым для беларускага войска можа стацца прызначэнне кадравага расейскага вайскоўца, пасля Украіны тлумачыць не трэба.

АН, belsat.eu