Маці палітзняволенай Сафіі Малашэвіч не атрымлівае ніякіх звестак ад дачкі амаль месяц

Сафію затрымалі 6 верасня 2020 года на акцыі пратэсту «Марш адзінства», падчас якой яна балончыкам з фарбай малявала на паверхні шчытоў спецыяльных сродкаў загароджы.

safija_milaszevicz.jpg

Праваабаронцам стала вядома, што маці 19-гадовай Сафіі Малашэвіч, якую асудзілі да 2 гадоў калоніі, згубіла з ёй сувязь. 31 снежня дзяўчына даслала канверт з малюнкамi, але Святлана атрымала яго толькi 13 студзеня. Апошні раз Сафія тэлефанавала дадому 8 студзеня. Тады яна паведаміла, што яе перавялі ў 13 атрад. З таго часу маці не атрымлівае ні адказы на лісты, ні званкі з калоніі. Святлана кажа, што ў спецчастцы не адказваюць, дзе знаходзіцца палітзняволеная, а ў санчастцы працуе аўтаадказнік.
Нагадаем, Сафію затрымалі 6 верасня на акцыі пратэсту «Марш адзінства», падчас якой яна балончыкам з фарбай малявала на паверхні шчытоў спецыяльных сродкаў загароджы. Ёй прад’явілі абвінавачанне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 339. Суд пакараў яе 2 гадамі калоніі.
Падтрымаць палітзняволеную можна па адрасе: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Сафія Андрэеўна Малашэвіч.