Маці загінулага ва Ўкраіне беларуса, якая прыняла яго ўзнагароду, — гэта былая выкладчыца Сяргея Ціханоўскага
Камандзір роты выведкі Павал «Волат» стаяў каля вытокаў утварэньня Палка Каліноўскага і загінуў 15 траўня падчас выкананьня баявой задачы на поўдні Украіны. Рашэньнем Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны ён пасьмяротна прадстаўлены да ўзнагароды: мэдаля «Україна понад усе!».

У палку правялі
воінскі рытуал перадачы ўзнагароды загінулага камандзіра. Мэдаль Паўла «Волата»
перадалі яго маці Натальлі.
«Хлопчыкі, я жадаю вам, каб вы ўсе вярнуліся ў Беларусь з перамогай!» — зьвярнулася да байцоў Палка Каліноўскага маці Паўла «Волата».
«Св*бода» дазначалася, што гэта Натальля Суслава, былая выкладчыца расейскай літаратуры ў Гомельскім дзяржунівэрсытэце імя Францішка Скарыны. Яна кандыдатка філялягічных навук.

Увосень 2020 году Натальлю двойчы пакаралі арыштам (8 і 10 сутак) за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Пасьля вызваленьня яна дала інтэрвію і расказала, у прыватнасьці, што адным зь яе студэнтаў быў Сяргей Ціханоўскі. Пазьней Суслава звольнілася з унівэрсытэту. Яна напісала дзьве заявы — на далучэньне да страйку і на звальненьне.
