Былы амапавец Кулажанка пакінуў Полк Каліноўскага. Ён не хацеў ваяваць, але імкнуўся ў палітрукі

Як стала вядома «Н*шай Ніве», Полк імя Кастуся Каліноўскага пакінуў неадназначны блогер Павел Кулажанка — былы баец АМАП, які пераехаў у ЗША, а пасля адправіўся на вайну ва Украіну. Апошнія тыдні яго знаходжання ў Палку адзначыліся канфліктамі.

kulazhanka_pcqkj.jpg

Павел Кулажанка далучыўся да беларускага добраахвотніцкага палка Каліноўскага — тады яшчэ батальёна — у сакавіку. Як чалавек з досведам працы ў сілавой структуры, ён быў прызначаны камандзірам роты, але, як кажуць два розныя байцы, прабыў на гэтай пасадзе вельмі кароткі час і мала чым адзначыўся.

«Ён хацеў быць галоўным па палітычнай частцы, а вось ваяваць не хацеў — мякка кажучы, не імкнуўся «на перадок» і ні разу там не быў», — расказалі каліноўцы.

Гэта выклікала раздражненне камандавання і таварышаў. Як мінімум два разы ў Кулажанкі былі істотныя канфлікты з кіраўнікамі батальёнаў.

«Незадоўга да таго як Кулажанка пакінуў полк, «Вараг» — камандзір батальёна «Тэрор» — выбіў дзверы ў пакой Кулажанкі і павучыў яго жыццю», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з байцоў.

«Кулажанка казаў, што беларусам няма чаго рабіць на поўдні Украіны, і выступаў за тое, каб зняцца з пазіцый і ехаць прабіваць калідор у Беларусь. У ваенны час вы разумееце, як такія прапановы трэба трактаваць. Як мінімум, гэта дэзерцірства, як максімум — падбухторванне да калектыўнага самагубства з непрадказальнымі наступствамі. Сукупнасць фактараў прывялі да таго, што ён стаў непатрэбным», — сказаў яшчэ адзін баец.

Сам Кулажанка выдаліў акаўнт у Тэлеграме.

Знаёмыя з ім кажуць, што ён, імаверна, ужо пакінуў тэрыторыю Украіны і вярнуўся ў ЗША.

Полк Каліноўскага — самае шматлікае з беларускіх добраахвотніцкіх фармаванняў у складзе ўкраінскай арміі, якія ўтварыліся пасля нападу Расіі на Украіну. Ëн вырас вакол ідэйных беларусаў-добраахвотнікаў, якія ваявалі за незалежнасць Украіны з 2014 года. Полк «Пагоня», у аснове якога — былыя байцы беларускіх Сілаў спецыяльных аперацый — пакуль не такі шматлікі.

Многія байцы Каліноўскага і «Пагоні» адкрыта кажуць, што іх мара — пасля вызвалення акупаваных украінскіх тэрыторый вызваліць і Беларусь. Аднак такі гіпатэтычны сцэнарый немагчымы без дапамогі Украіны і / ці Польшчы, што многім падаецца малаверагодным.

Аўтарытэтнага былога камандзіра дэсантнай брыгады з Брэста Валерыя Сахашчыка звязваюць з «Пагоняй». Святлана Ціханоўская прызначыла яго сваім прадстаўніком па пытаннях бяспекі і абароны.

Нельга выключаць, што ўсе беларускія фармаванні з часам аб'яднаюцца пад адным камандаваннем.

«Гэта нармальна, што выпадковыя людзі адсейваюцца. І нават непазбежна. У лютым-сакавіку ў беларускія фармаванні прыйшлі людзі рознага роду. Касцяк разумее, што ў арміі і тым больш на вайне нельга без дысцыпліны і субардынацыі», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з каліноўцаў.