Магілёў. Ці панясе адказнасць ідэолаг за «Славянскі марш»?

Намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў напісаў скаргі ў пракуратуру, КДБ, гарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці намесніка старшыні гарвыканкаму Мікалая Міхаленю за яго неабачлівасць.



b3810d99c6dddd9bd5d4b004a7d9d246_w700_h467_q95.jpg

«Славянскі марш», фота С. Гудзіліна

Паводле Ігара Барысава, чыноўнік, адказны за ідэалогію ў горадзе, праявіў сваю некампетэнтнасць, дазволіўшы правядзенне акцыі прарасійскіх правых радыкалаў, якія прапагандуюць шавіністычную ідэю панславянізму-манархізму.

 «Праз скаргі я хачу атрымаць адказ наконт таго, на якой падставе было дазволена правядзенне антыканстытуцыйнага мерапрыемства прарасійскіх правых радыкалаў, якія не прызнаюць незалежнасць Беларусі і мараць пра аб’яднанне Расіі, Беларусі і Украіны ў адну дзяржаву. Я хачу, каб той, хто дазволіў гэтае мерапрыемства, быў пакараны», — кажа Ігар Барысаў.

Пры гэтым ён не выключае магчымасці, што ідэолаг мог праглядзець той факт, што заяўка на правядзенне «Славянскага маршу» падавалася ад імя прыватнай асобы — Дзмітрыя Дзенісенкі, і мог не ўбачыць таго, што гэтая асоба з’яўляецца сябрам незарэгістраванай у Беларусі прарасійскай радыкальнай арганізацыі.

«Дзе гэта бачана, каб па Магілёву хадзіла калона падлеткаў і крычала прарасійскія лозунгі — «Слава России!» ці «Руcские вперёд!»? Я мяркую, што такое мерапрыемства мог дазволіць толькі чалавек, які з’яўляецца прыхільнікам шавіністычнай панславянскай ідэалогіі, якая ўзвышае славян у параўнанні з іншымі народамі», — адзначае Ігар Барысаў.

Хоць гэтым разам было забаронена выкарыстанне чорна-жоўта-белых сцягоў, ідэалагічных сімвалаў сучасных панславяністаў-манархістаў, яны ўжо выкарыстоўваліся ў Магілёве раней.

«Ёсць відэа ў інтэрнэце, дзе паказана, як, напрыклад, 17 ліпеня 2011 года некалькі чалавек прабягалі з гэтымі сцягамі па Магілёву. Прычым мерапрыемства афіцыйна дазволенае. Хто дазволіў выкарыстоўваць гэтую незарэгістраваную сімволіку, застаецца пытаннем. А як толькі выйдзеш у горад з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам, дык КДБ, міліцыя ды іншыя — усе збягуцца, каб у цябе яго адабраць», — прыводзіць параўнанне Барысаў.

Нагадаем, што 25 лістапада ў Магілёве адбыўся «Славянскі марш». Мерапрыемства было санкцыянаванае ўладамі. Там прысутнічала каля 40 чалавек. Шмат хто з удзельнікаў прыехаў з іншых гарадоў. У шэсці і невялікім мітынгу таксама прыняў удзел экс-кандыдат у дэпутаты Сяргей Рыжоў, які называе сябе сустаршынёй кансерватыўнай партыі «Белая Русь».  

Варта дадаць, што акцыі апазіцыі ў Магілёве традыцыйна трапляюць пад забарону нават у адзіным дазволеным месцы — стадыёне «Хімік». У бягучым годзе гарвыканкам адмовіў у правядзенні нават бяскрыўднай моладзевай акцыі — моладзь хацела абменьвацца абдымкамі з мінакамі, аднак ідэолагі ўбачылі ў гэтым нейкую небяспеку.

Паводле spring96.org