Магілёўскія ўлады не далі дазвол на правядзенне пікета на балконе
У адказе на запыт напісана, што ініцыятар не выканаў асноўныя патрабаванні Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Палітык Уладзімір Шанцаў атрымаў адказ ад Магілёўскага гарвыканкаму на сваё ўведамленне аб правядзенні пікета на ўласным балконе: вывешванне бел-чырвона-белага сцяга. У лісце напісана, што Шанцаў не выканаў асноўныя патрабаванні Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і таму дазволіць правядзенне пікетавання не ўяўляецца магчымым, бо масавыя мерапрыемствы можна праводзіць толькі ў выдзеленых месцах.
«Да чаго мы ўвогуле дайшлі, што міліцыя пачала ганяць людзей за дзеянні ў іх уласнай кватэры. Чаму я ўвогуле павінен запытваць дазвол у гарвыканкама на дзеянні на сваім уласным гаўбцы? Мой гаўбец — мой гаўбец! Зараз нашая рэчаіснасць нагадвае старонкі раману Дж. Оруэла «Скотны двор». Але наша краіна не будзе ніякім скотным дваром, дзе адным можна ўсё, а іншым — нічога», — пракаментаваў адказ гарвыканкаму Уладзімір Шанцаў.

Паводле «Белсату».