Магілёўскія ўлады забаранілі пікет у падтрымку Алега Сянцова
Магілёўскі гарвыканкам адмовіў мясцовым праваабаронцам Аляксею Колчыну і Аляксандру Буракову ў правядзенні пікету салідарнасці з украінскім палітвязнем Алегам Сянцовым.
Колчын і Буракоў прасілі дазволіць мерапрыемства салідарнасці на пляцоўцы побач з дыягнастычным цэнтрам, недалёка ад гарвыканкама.
Аднак намеснік кіраўніка горада Ала Галушка ў сваім адказе адзначыла, што «адзіным месцам правядзення пікетаў, мітынгаў і сходаў, якія арганізуюць грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі, вызначаны стадыён па вул. Чалюскінцаў, 64 У (побач з былым ДК «ЗІВ»)».
— У сувязі з тым, што ў заяве было ўказана іншае месца правядзення масавага мерапрыемства, дазволіць правядзення пікету 12 кастрычніка не ўяўляецца магчымым, — заявіла Галушка.
Колчын і Буракоў збіраліся правесці пікет салідарнасці з украінскім рэжысёрам Алегам Сянцова, які ўтрымліваецца ў расійскай калоніі, у дзень прыезду ў Магілёў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Па словах праваабаронцаў, яны чакалі такога адказу:
— Улады не здзівілі нас сваімі словамі аб стадыёне — такая норма прапісана ў рашэнні гарвыканкама ад 2007 года. Аднак права на свабоду сходаў гарантавана Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Акцыя салідарнасці мае сэнс, калі яе бачаць. На футбольным полі на Чалюскінцаў з гэтым праблематычна, — сказаў Буракоў.
Праваабаронца адзначае, што пры жаданні гарвыканкам мог дазволіць акцыю.
Па словах Буракова, у красавіку гэтага года мясцовыя камуністы разам з савецкімі сцягамі без асаблівых праблем адсвяткавалі дзень нараджэння Уладзіміра Леніна на аднайменнай плошчы ў цэнтры горада. «Фактычна гэта было тое ж самае масавае мерапрыемства. Чаму яны маюць права выказваць сваё меркаванне ў цэнтры горада, а іншыя не? Відавочна таму, што тэма Леніна ўладам прыемная і ўтульная, а Сянцова — не».
Паводле яго слоў, яны абавязкова абскардзяць рашэнне гарвыканкама ў судзе. Што тычыцца падтрымкі Сянцова, то тут праваабаронцы будуць шукаць іншыя спосабы выказвання салідарнасці з ім.
Паводле mspring.online