Магутная праходка па Брэсту ў апошнюю нядзелю пратэснага жніўня

Калона дэманстрантаў спыніла рух на цэнтральных вуліцах. Дэманстрацыя скончылася супрацьстаяннем з міліцыяй і АМАП, якія забарыкадавалі жалезнымі агароджамі пляц Леніна.

13.bre.30_logo.jpg


30 жніўня а 14-й некалькі сот берасцейцаў сабраліся пры цэнтральным пляцы. Аднак туды іх не пусцілі. Міжволі міліцыя падыграла пратэстуючым: людзі пашыхтаваліся ў калону і прайшлі да спальнага раёну пры вуліцы Купалы, па дарозе адразу дабавіўшы ў свае шэрагі тысячы ўдзельнікаў. У розныя часы колькасць вагалася, ацэначна, ад дзесяці да дваццаці тысяч.

10.bre.30_logo.jpg


Ішлі людзі маладога і сярэдняга веку. Часта сем’і ў поўным складзе з малымі дзецьмі. Было ладна і пенсіянераў, аднак яны больш махалі з вокнаў і гаўбцоў.

6.bre.30_logo.jpg


ДАІ прыйшлося заняцца сваёй працай ужо на выхадзе з праспекта Машэрава на Кобрынскі мост. Плынь з цяжкасцю ўмяшчалі нават тры паласы праезнай часткі. Крайнюю правую, прызначаную для грамадскага транспарту, трымалі вольнай.

12.bre.30_logo.jpg


Па дарозе гучалі звыклыя і новыя лозунгі: “Лида и Саша, страна не ваша!”, “С днём рождения, фашизм!”, “Мы идём бесплатно!», «Мы вам платим» (гэта да кардонаў міліцыі ды АМАП).

3.bre.30_logo.jpg


Наўзамен сканфіскаванага “сілавікамі” 110-метровага бел-чырвона-белага сцяга з’явілася скампанаваная як сцяг сотня белых і чырвоных балонікаў.
Узрос крэатыў плакатаў. Вось знаходкі апошняга часу: “Atention honest people” (“Увага сумленныя людзі”), “Пуля не воробей, вылетит не простим”, “Саша пора, пальцы уже посинели”, “Запрещаю запрещать”, “ЗА (у чырвона-зялёным выкананні) Е і фота Лукашэнкі, які танчыць вальс на балу”, кропка.

14.bre.30_logo.jpg


Калону віталі з практычна кожнага другога аўтамабіля, якія рухаліся ў процілеглым накірунку або якія перачэквалі, калі калона пройдзе. Трубна гудзелі фуры “дальнабойшчыкаў”. З дзясяткаў аўто развінулі ў вокны бел-чырвона-белыя сцягі.

5.bre.30_logo.jpg


Пасля чатырохгадзіннага маршу дэманстранты ўперліся ў шэрагі “касманаўтаў” на вуліцы Леніна. Старшыня гарвыканкама Рагачук на патрабаванне берасцейцаў не выйшаў. Мабыць, сорамна, што не мае ўлады дастаткова, каб трымаць слова. На 40-тысячнай сустрэчы з месцічамі 16 жніўня ён быў заявіў, што ўсе вуліцы і плошчы горада адкрытыя грамадзянам.
Праз гадзіну дэманстранты згарнулі сцягі і сышлі.